Reform.news

Урад прапанаваў ратыфікаваць дагавор аб дружбе з КНДР

Рэдакцыя Reform.news · 20 кастрычніка 2026, 09:54

https://reform.news/be/urad-prapanava-ratyfikavac-dagavor-ab-druzhbe-z-kndr/

Савет міністраў унёс у Нацыянальны сход законапраект аб ратыфікацыі Дагавора аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікай. Ён быў падпісаны ў сакавіку гэтага года.

Да законапраекта прыкладаецца і тэкст самога дагавора. У ім Беларусь і КНДР абавязваюцца развіваць адносіны “на аснове прынцыпаў узаемнай павагі дзяржаўнага суверэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасці, неўмяшання ва ўнутраныя справы, роўнасці і ўзаемнай выгады і іншых асноватворных прынцыпаў міжнароднага права”.

У дагаворы таксама гаворыцца, што бакі не будуць удзельнічаць у саюзах і блоках, “накіраваных супраць ключавых інтарэсаў іншага боку, у тым ліку суверэнітэту, бяспекі, тэрытарыяльнай цэласнасці і права на развіццё, і не прадпрымаюць якіх-небудзь дзеянняў, уключаючы заключэнне дагавораў падобнага роду з трэцімі дзяржавамі”. Беларусь і КНДР таксама абавязваюцца не дапускаць выкарыстання сваіх тэрыторый у мэтах узброенай агрэсіі супраць іншага дагаворнага боку.

Беларусь і КНДР абавязваюцца падтрымліваць меры і палітыку, накіраваныя на абарону суверэнітэту, бяспекі, тэрытарыяльнай цэласнасці і права на развіццё. Бакі таксама абавязваюцца актыўна садзейнічаць “у справе супрацьстаяння ўсякага роду гегемоніі і гвалтоўнай палітыцы, у тым ліку незаконным прымусовым мерам, і ўсталяванню справядлівага і роўнага светапарадку”.

У дагаворы дэкларуецца супрацоўніцтва ў розных сферах, якое будзе рэалізоўвацца праз галіновыя пагадненні, а таксама шляхам стварэння Сумеснай камісіі.

“Бакі забяспечваюць зручнасць для паездак сваіх грамадзян на тэрыторыю дзяржавы іншага Боку, абараняюць законныя правы і інтарэсы юрыдычных асоб і грамадзян іншага Боку, якія знаходзяцца на яе тэрыторыі, на аснове нормаў міжнароднага права і садзейнічаюць іх рэалізацыі”, – гаворыцца ў дагаворы.

Ён заключаны тэрмінам на 10 гадоў і будзе працягвацца аўтаматычна на 5 гадоў, калі ні адзін з бакоў за 12 месяцаў не паведаміць пра яго спыненне.

Рэклама

Пакінуць адказ