Reform.news

Фільм беларускіх рэжысёраў Мікіты Лаўрэцкага і Сяргея Каласоўскага атрымаў сусветную прэм’еру на фестывалі Doclisboa

Reform.news · 19 кастрычніка 2026, 15:12

https://reform.news/be/film-belaruskih-rezhysyora-mikity-la-reczkaga-i-syargeya-kalaso-skaga-atryma-susvetnuyu-premeru-na-festyvali-doclisboa/

Стужка «Smarty» («Разумніца» / Umnitsa) беларускіх рэжысёраў Мікіты Лаўрэцкага і Сяргея Каласоўскага бярэ ўдзел у міжнароднай конкурснай праграме прэстыжнага партугальскага фестывалю дакументальнага кіно Doclisboa.

Сусветныя паказы карціны ў межах конкурсу праходзяць у лісабонскім кінатэатры Cinema São Jorge: прэм’ера адбылася ўчора, 18 кастрычніка, а другі паказ адбудзецца сёння, 19 кастрычніка.

Пра што карціна?

88-хвілінны фільм, (афіцыйная краіна вытворчасці — Літва), прыцягнуў увагу арганізатараў і крытыкаў сваім незвычайным падыходам да жанраў мак’юментары і аўтафікшну.

Паводле сінопсісу, у цэнтры сюжэта — беларускі рэжысёр у эміграцыі Мікіта Лаўрэцкі (яго ролю на экране выконвае сам Сяргей Каласоўскі), які імкнецца разблытацца з еўрапейскімі межамі і бюракратыяй, каб сустрэцца з жонкай.

Узгадваючы дом, які яму прыйшлося пакінуць, герой разважае, ці не застаўся ён назаўжды ў бясконцым пражыванні свайго мінулага.

Стваральнікі карціны гулліва вынайшлі новы падыход да аўтабіяграфічнага фармату: у фільме Варшава «грае» Вільнюс, а сённяшні дзень адлюстроўваецца праз архіўныя кадры і візуальныя матэрыялы, знятыя яшчэ да 2020 года. Арганізатары фестывалю апісваюць гэтую стужку як «прустаўскі досвед вернутага часу».

Тандэм Лаўрэцкі — Каласоўскі

Мікіта Лаўрэцкі і Сяргей Каласоўскі — вядомыя постаці ў незалежнай беларускай кінасупольнасці. Яны сустракаюцца на майстэрнях, фестывалях і кінапаказах яшчэ з першай паловы 2010-х гадоў (пачынаючы з Bulbamovie) і рэгулярна падтрымліваюць ініцыятывы адзін аднаго.

У праекце «Smarty» яны аб’ядналіся як суаўтары і сурэжысёры, прапанаваўшы гуллівую метатэатральную канцэпцыю: Лаўрэцкі фармулюе кантэкст (сцэнар, мантаж), а Каласоўскі ўвасабляе яго постаць на экране.

Аператам на карціне выступіў Ягор Яфімаў.

Мікіта Лаўрэцкі — беларускі рэжысёр, кінакрытык і адзін з найбольш плённых аўтараў незалежнага кіно (рэжысёр фільмаў «Беларускі псіхапат», «Мікіта Лаўрэцкі», «Дзіцячы фільм», «Сашына пекла» ды іншых). У 2022 годзе яго карціна «Спатканне ў Мінску» здабыла Гран-пры на Doclisboa, а ў 2024-м яго 10-гадзінны праект «Уліс» быў прадстаўлены на чэшскім фестывалі Ji.hlava.

Сяргей Каласоўскі — беларускі рэжысёр, сцэнарыст, выпускнік Варшаўскай кінашколы. Аўтар ігравой кароткаметражкі «Пугач» (2015) пра змрочныя 1990-я і дакументальнай стужкі «Найлепшы рэжысёр у свеце». У сваёй творчасці працуе з камернымі рэфлексіўнымі сюжэтамі і іранічнымі аўтарскімі інтанацыямі.

Мастак постара – Вольга Кавалёва.

Даведка

Doclisboa (Міжнародны фестываль дакументальнага кіно ў Лісабоне) — адзін з найбольш аўтарытэтных і ўплывовых еўрапейскіх кінафэстаў, заснаваны ў 2002 годзе. Ён уваходзіць у сетку Doc Alliance — альянс сямі вядучых дакументальных кінафестываляў Еўропы.

Doclisboa спецыялізуецца на новай мове кінематографа, шукаючы стужкі, якія эксперыментуюць з формай, даследуюць межы паміж рэальнасцю і фікцыяй, а таксама разглядаюць кіно як мастацкі і грамадска-палітычны акт. Сёлета фестываль праходзіць з 15 па 25 кастрычніка.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Рэклама

Пакінуць адказ