Урад Беларусі стварае лічбавы рэестр аграсядзіб
Рэдакцыя Reform.news · 18 лістапада 2026, 19:09
https://reform.news/be/urad-belarusi-stvarae-lichbavy-rjeestr-agrasjadzib/У Беларусі створаць адзіны лічбавы рэестр аграсядзіб, у якім турысты змогуць знайсці інфармацыю пра сядзібы і іх паслугі. Пастанова таксама дазволіць падаваць дакументы для пачатку працы аграсядзібы анлайн. Пра гэта паведаміла прэс-служба ўрада.
Рэестр размесцяць на дзяржаўнай платформе «Разумны горад (рэгіён)», якую распрацоўвае Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. Райвыканкамы павінны будуць у месячны тэрмін забяспечыць стварэнне асабістых кабінетаў для дзейных сядзіб. Паводле даных урада, іх у краіне больш за 1440.
Фізічныя асобы змогуць праз адзіны партал электронных паслуг падаць заяву аб пачатку працы ў сферы аграэкатурызму або аб прымяненні спецыяльнага збору. Падаць дакументы на паперы ў райвыканкам па-ранейшаму будзе магчыма.
Пастанова таксама ўстанаўлівае пералік дакументаў для атрымання ў Беларусбанку льготнага крэдыту на праекты ў сферы аграэкатурызму. Стаўка па такім крэдыце складае 5% гадавых.
Дакумент зацвярджае тыпавыя формы дагавораў аграсядзіб з турыстамі і арганізацыямі, у тым ліку з тураператарамі. Ён таксама вызначае парадак, паводле якога райвыканкамы будуць прымаць рашэнні аб пачатку працы аграсядзіб, а раённыя камісіі — ацэньваць іх дзейнасць.
Пастанова прынятая ў выкананне ўказа № 275 «Аб развіцці аграэкатурызму» ад 18 жніўня 2026 года. Яна набудзе моц 20 лістапада.
