Фото: pristalica.by
Галоўнае ўпраўленне па адукацыі Мінскага аблвыканкама пракаментавала ажыятаж вакол прыёму дакументаў у СШ №2 вёскі Копішча, піша БелТА.
Нагадаем, раней у сацсетках з’явілася інфармацыя, што бацькі будучых першакласнікаў у Новай Баравой займаюць чаргу ўжо за суткі да афіцыйнага старту прыёму дакументаў у “школу талентаў”.
На сітуацыю звярнулі ўвагу дзяржаўныя СМІ. Раённае выданне “Прысталічча” нагадала пра аналагічную сітуацыю са школай №1 у вёсцы Копішча.
“Тады бацькі былі гатовыя адстаяць не адны суткі, абы толькі ў іх прынялі дакументы дзіцяці. Дзіўна і тое, што калі ў 2023 годзе правілы чаргі агаворваліся пераважна вусна паміж сабой, то цяпер зачыншчыкі стварылі свой звод правілаў. Напрыклад, крайні ў чарзе не мае права адлучацца, а яшчэ нельга прапускаць пераклічкі, інакш аднясуць вас да «мёртвых душ», — гаварылася ў матэрыяле.
Начальнік упраўлення па адукацыі Мінскага райвыканкама Людміла Лукша заяўляла, што інфармацыйная праца з бацькамі вялася задоўга да старту прыёмнай кампаніі праз бацькоўскія сходы, сайты школ, тэлеграм-каналы і інфармацыйныя стэнды.
Пасля гэтага прадстаўнікі аблвыканкама і ўпраўлення па адукацыі Мінскага райвыканкама выехалі на месца і правялі сустрэчу з бацькамі, растлумачыўшы правілы прыёму.
Паводле слоў начальніка ўпраўлення Мікалая Башко, школа прымае заявы ад усіх ахвотных з 12 чэрвеня па 15 жніўня. Рашэнне аб колькасці першых класаў будзе прынята да завяршэння прыёму дакументаў. З 17 па 28 жніўня будуць разгледжаны заявы на свабодныя месцы.
Сёлета СШ №2 вёскі Копішча прыме 275 першакласнікаў, усе яны будуць забяспечаны групай падоўжанага дня. СШ №1 чакае 153 першакласнікі. Бацькам таксама прапаноўвалі разгледзець школы ў Бараўлянах, Ляскоўцы і Лясным.
Паводле рашэння Бараўлянскага сельвыканкама да СШ №2 вёскі Копішча замацаваны вёска Баравая, а таксама частка вёскі Копішча — вуліцы Аляксандра Якаўлева, Амеліі Эрхарт, Братоў Райт, Вікенція Карповіча, Міхаіла Міля, Мікалая Камава, Мікалая Міхайлашава, Лапаціна, Пілотная, Падгорная і шэраг дамоў па вуліцы Авіяцыйнай.
Актуальная інфармацыя абнаўляецца на сайце школы.
Школа №2 у Новай Баравой адкрылася два гады таму. Комплекс на скрыжаванні вуліц Мікалая Камава і Пілотнай разлічаны на 1125 месцаў, у ім ёсць амфітэатр, скейт-парк і эксплуатуемы дах. Каб разгрузіць дзве існуючыя ўстановы адукацыі ў жылым комплексе «Новая Баравая», цяпер будуецца яшчэ адна школа на 1125 месцаў. Увод у эксплуатацыю намечаны на 2027 год.