Павел Мицкевич. Фото из Facebook
Гродзенскі абласны суд завочна прыгаварыў Паўла Міцкевіча да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу ў 22 500 рублёў. Прысуд быў вынесены 27 ліпеня, паведамляе інтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Беларусі.
Павел Міцкевіч жыве ў Польшчы больш за 20 гадоў. У 2008 годзе ён заснаваў у Беластоку фонд Okno na Wschód (“Акно на ўсход”), які займаецца развіццём добрасуседскіх адносін з краінамі Усходняй Еўропы, падтрымкай мігрантаў і адукацыйнымі праектамі.
Суд прызнаў Міцкевіча вінаватым паводле двух артыкулаў. Паводле артыкула аб “распаўсюджванні заведама ілжывых звестак аб палітычным, сацыяльным становішчы Рэспублікі Беларусь, прававым становішчы грамадзян у Рэспубліцы Беларусь, дзейнасці дзяржаўных органаў, якія дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь” (арт. 369-1 КК). Паводле гэтага артыкула яму прызначылі тры гады калоніі і штраф у 9000 рублёў.
Паводле артыкула аб садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 2 арт. 361-4 КК) Міцкевіча прыгаварылі да пяці гадоў калоніі і штрафу ў 22 500 рублёў.
З улікам паглынання менш строгага прысуду больш строгім, канчатковы вердыкт суда — пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і 22 500 рублёў штрафу. Прысуд можа быць абскарджаны.