Будрыс пацвердзіў пазіцыю Літвы ў дачыненні да Беларусі

Міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс пацвердзіў нязменнасць пазіцыі краіны па беларускім пытанні. Гаворка ідзе як пра падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці, так і пра працяг ціску на Лукашэнку.

Як паведамілі ў прэс-службе МЗС Літвы, сёння міністр сустрэўся ў Вільнюсе з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл, грамадзянскай супольнасці, дыяспары, незалежных СМІ, сферы адукацыі, бізнесу і рэлігійных супольнасцяў, якія базуюцца ў Літве.

Падчас сустрэчы Будрыс пацвердзіў цвёрдую падтрымку беларускага народа з боку сваёй краіны. Таксама было падкрэслена, што Вільнюс застаецца бяспечнай прасторай для дзейнасці беларускіх супольнасцяў.

«У нас з вамі агульная мэта — дэмакратычная і свабодная Беларусь. Цяперашні аўтарытарны рэжым у Беларусі ўяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы Літвы, паколькі краіна з’яўляецца палітычным і ваенным саюзнікам агрэсара Расіі. Таму неабходна працягваць палітыку непрызнання, ізаляцыі і санкцый у дачыненні да рэжыму на ўзроўні ЕС, адначасова ўзмацняючы падтрымку дэмакратычных сіл і народа Беларусі», — цытуе прэс-служба міністра.

Паведамляецца, што былі закрануты практычныя пытанні, узнятыя беларускімі арганізацыямі, якія датычацца працэдур выдачы шэнгенскіх віз, часовых відаў на жыхарства і іншых дакументаў, а таксама больш плаўнай інтэграцыі беларускіх грамадзян у літоўскае грамадства. Было адзначана, што ўсе рашэнні прымаюцца на аснове нязменнай цвёрдай рашучасці Літвы аказваць дапамогу беларусам, пры гэтым выконваючы нацыянальнае заканадаўства, права Еўрапейскага саюза і патрабаванні нацыянальнай бяспекі.

У выніку было вырашана працягнуць дыялог і супрацоўніцтва з мэтай умацавання беларускай грамадзянскай супольнасці, адукацыйных ініцыятыў і павышэння ўстойлівасці да дэзінфармацыі і іншых агульных пагроз.

Фота: МЗС Літвы
Фота: МЗС Літвы
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!