Фото: ГТК
Віцебскія мытнікі выявілі схему незаконнага ўвозу і легалізацыі трох седлавых цягачоў, за якія не былі выплачаныя мытныя плацяжы. Па факце ўхілення ад іх выплаты ў буйным памеры распачатая крымінальная справа.
Як паведамілі у ДМК, цягачы былі ўвезеныя ў Беларусь з краін Еўрасаюза пад выглядам раней зарэгістраваных у Расіі. Падчас спецыяльных мерапрыемстваў аўтамабілі былі затрыманыя. Трасалагічная экспертыза пацвердзіла факт змянення VIN-нумароў.
Да арганізацыі схемы датычныя двое грамадзян Расіі, якія дзейнічалі па папярэдняй змове з іншымі асобамі. Агульная сума нявыплачаных мытных плацяжоў перавысіла 173 тысячы рублёў.
Распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 231 КК (“Ухіленне ад выплаты мытных плацяжоў”). Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне аж да шасці гадоў пазбаўлення волі.