Украінскія памежнікі за год затрымалі каля 1400 чалавек на беларускай мяжы

У 2025 годзе ўкраінскія памежнікі затрымалі каля 1400 чалавек, якія спрабавалі нелегальна перайсці мяжу з Беларуссю. Пра гэта ў эфіры тэлемарафона заявіў спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка.

«Найбольшая колькасць спробаў перасячэння мяжы па-ранейшаму прыпадае на мяжу з краінамі Еўрапейскага саюза, але на кірунку мяжы з Беларуссю таксама ёсць спробы незаконнага перасячэння мяжы, і мы гэтых парушальнікаў затрымліваем, і ў 2025 годзе такіх парушальнікаў было затрымана каля 1400 чалавек, якія спрабавалі незаконна перайсці мяжу на гэтым кірунку», — распавёў Дземчанка.

Дземчанка адзначыў, што змяненняў на ўкраінска-беларускай мяжы ў апошні час не назіраецца. Украінскія памежнікі не фіксуюць перамяшчэнняў або якой-небудзь актыўнасці на беларускім баку. Прадстаўнік ДПСУ падкрэсліў, што беларуская мяжа застаецца актыўным кірункам для ўкраінскіх памежнікаў.

У інтэрнэце ёсць нямала аповедаў украінцаў, якім удалося перайсці мяжу з Беларуссю. Пасля аплаты штрафаў і сутак у ІЧУ беларускія памежнікі адвозяць іх на польскую мяжу.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!