Украіна вядзе перамовы аб абмене Кардаш

Кіеўскі апеляцыйны суд адхіліў скаргу на арышт беларускі Іны Кардаш, падазраванай у шпіянажы на карысць КДБ. На судзе высветлілася, што Кардаш спрабавала завербаваць свайго мужа.

Паседжанне суда прайшло 16 лютага. Абарона Кардаш заявіла, што яе варта адпусціць, бо пракуратура, на яе думку, не абгрунтавала рызыкі знаходжання Кардаш на свабодзе, паведамляе «Суспільне».

Кардаш брала ўдзел у паседжанні па відэасувязі з СІЗА. Яна заявіла, што не збіраецца хавацца, і адзначыла, што ў яе замежным пашпарце няма віз, каб з’ехаць.

Пракурор настойваў на арышце. Ён заявіў, што ў Кардаш няма ўстойлівых сувязяў з Украінай. Ва Украіне ў яе няма дзяцей, а ёсць толькі муж, якога яна таксама спрабавала завербаваць.

Пракурор таксама паведаміў, што ўкраінскі бок прымае меры для абмену Кардаш. Паводле яго слоў, цяпер вядзецца камунікацыя з беларускім бокам.

У выніку суд адхіліў скаргу.

Нагадаем, СБУ і ГУР паведамілі аб затрыманні Кардаш 27 студзеня. СБУ заяўляла, што яна супрацоўнічала з КДБ з 2015 года. Яна працавала на тэлеканале Медведчука «112» і ў “Інтэрфакс Украіна”.

У 2020 годзе беларускія спецслужбы накіравалі Кардаш працаваць ва Украіну. У яе заданне ўваходзіў збор інфармацыі пра беларусаў і расіян, якія дапамагаюць Украіне. Таксама яна павінна была ўстанавіць кантакты з супрацоўнікамі пасольства Кітая ва Украіне, каб збіраць разведвальныя даныя пра дзейнасць кітайскіх дыпламатаў ва Украіне.

У 2025 годзе яна ўладкавалася на працу ў Каардынацыйны цэнтр ГУР па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі, дзе збірала службовую інфармацыю — фатаграфавала дакументы і запісвала размовы супрацоўнікаў. Гэтыя даныя яна перадавала ў Беларусь. Як раней паведамляла СБУ, вакол Кардаш цыркулявала кантраляваная інфармацыя.

Кардаш знаходзіцца пад арыштам у СІЗА да 20 сакавіка.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!