Украіна склікае Савет Бяспекі ААН пасля расійскага ўдару «Арэшнікам»

Украіна ініцыюе тэрміновае пасяджэнне Савета Бяспекі ААН пасля расійскага ўдару па тэрыторыі краіны ракетай сярэдняй далёкасці «Арэшнік». Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга.

Паводле яго слоў, такі ўдар паблізу мяжы ЕС і НАТА ўяўляе сур’ёзную пагрозу бяспецы еўрапейскага кантынента.

Расія сцвярджае, што супраць Львоўскай вобласці была ўжыта балістычная ракета сярэдняй далёкасці, так званы «Арэшнік». Такі ўдар паблізу мяжы ЕС і НАТА ўяўляе сур’ёзную пагрозу бяспецы еўрапейскага кантынента і з’яўляецца выпрабаваннем для трансатлантычнай супольнасці. Мы патрабуем рашучых мер у адказ на безразважныя дзеянні Расіі”, — падкрэсліў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

Паводле яго слоў, Украіна ўжо інфармуе Злучаныя Штаты, еўрапейскіх партнёраў, а таксама іншыя дзяржавы і міжнародныя арганізацыі пра дэталі таго, што адбылося, па дыпламатычных каналах. Ён назваў «абсурднымі» спробы Масквы апраўдаць удар нібыта мелым месца «нападам на рэзідэнцыю Уладзіміра Пуціна», падкрэсліўшы, што такога інцыдэнту не было.

“Яшчэ адзін доказ таго, што Маскве не патрэбныя рэальныя прычыны для свайго тэрору і вайны. Пуцін выкарыстоўвае ракету сярэдняй далёкасці паблізу мяжы ЕС і НАТА ў адказ на ўласныя галюцынацыі — гэта сапраўды глабальная пагроза. І яна патрабуе глабальных адказных мер”, — заявіў ён.

Кіраўнік МЗС заклікаў да ўзмацнення ціску на Расію, у тым ліку да больш жорсткіх мер у дачыненні да расійскага танкернага флоту і даходаў ад продажу нафты, не толькі ў ЕС, але і на глабальным узроўні.

“Неабходна прыняць больш рашучыя меры супраць расійскага танкернага флоту — і ЗША маюць рацыю, прымаючы меры ў гэтым напрамку — а таксама супраць даходаў Расіі ад продажу нафты, яе схем і актываў. Не толькі ў ЕС, але і ва ўсім свеце”, — падкрэсліў міністр.

Акрамя пасяджэння Савета Бяспекі ААН, Украіна ініцыюе правядзенне Савета Украіна – НАТА, а таксама дамагаецца прыняцця дадатковых адказных мер у рамках ЕС, Рады Еўропы і АБСЕ. Кіеў заклікаў усе адказныя дзяржавы і міжнародныя арганізацыі без прамаруджвання выкрываць расійскую дэзінфармацыю і ўзмацняць ціск на Расію.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!