Мінабароны РФ заявіла пра ўдар «Арэшнікам» па Украіне

Міністэрства абароны Расіі заявіла пра ўдар «Арэшнікам» па Украіне.

“Сёння ўначы ў адказ на тэрарыстычную атаку кіеўскага рэжыму па рэзідэнцыі прэзідэнта Расійскай Федэрацыі ў Наўгародскай вобласці, здзейсненую ў ноч на 29 снежня 2025 г., Узброенымі Сіламі Расіі нанесены масіраваны ўдар высокадакладнай зброяй вялікай далёкасці наземнага і марскога базіравання, у тым ліку рухомым грунтавым ракетным комплексам сярэдняй далёкасці «Арэшнік», а таксама ўдарнымі беспілотнымі лятальнымі апаратамі па крытычна важным аб’ектах на тэрыторыі Украіны”, — гаворыцца ў паведамленні Мінабароны РФ.

Сцвярджаецца, што былі пашкоджаны вытворчасці беспілотнікаў, а таксама энергетычная інфраструктура. Трэба адзначыць, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў хлуснёй заявы РФ пра атаку на рэзідэнцыю Пуціна. Пазней прэзідэнт ЗША Дональд Трамп таксама заявіў, што ўдару не было.

Паветраныя сілы УСУ аб’яўлялі на тэрыторыі Украіны ракетную небяспеку з-за пагрозы прымянення балістычных ракет, якія былі выпушчаныя з палігона «Капусцін Яр». Вядома пра выбухі ў Львоўскай вобласці, дзе, паводле афіцыйнай інфармацыі, атацы падвергнуўся аб’ект крытычнай інфраструктуры. Украінскі бок не пацвярджаў факт прымянення «Арэшніка». Аднак у Паветраным камандаванні «Захад» паведамілі, што ракета ляцела з хуткасцю каля 13 тыс. км/г. Яе тып будзе ўстаноўлены пасля вывучэння абломкаў. Кіраўнік Львоўскай АВА Максім Казіцкі паведаміў, што на месцы ракетнай атакі праведзены лабараторныя даследаванні. Радыяцыйны фон — у межах нормы, перавышэнняў узроўню шкодных рэчываў у паветры не зафіксавана.

“У выніку ракетнай атакі ў пасёлку Рудна Львоўскай грамады спрацавала аўтаматычная сістэма бяспекі газу. З меркаванняў бяспекі газазабеспячэнне часова спынена для 376 абанентаў на некалькіх вуліцах. Гэта не аварыя ў сетцы — абарона спрацавала з-за ўдарнай хвалі. Спецыялісты ўжо працуюць на месцы, правяраюць абсталяванне. Пасля гэтага газ пададуць”, — паведаміў раніцай мэр Львова Андрэй Садавы.

Ударам падвергліся і іншыя населеныя пункты ва Украіне. Паводле паведамлення ДСНС, у Кіеве ў выніку абстрэлу загінулі 4 чалавекі, 24 пацярпелі. 32 чалавекі ўдалося выратаваць. У Кіеве беспілотнікі пашкодзілі жылыя дамы, у тым ліку шматпавярховыя, таксама ёсць пашкоджанні ў гандлёвым цэнтры і санаторыі. Нанесеная шкода крытычнай інфраструктуры, ёсць перабоі ў падачы вады, парушана цеплазабеспячэнне. Кіеўскі метрапалітэн увёў змены ў руху. Адзін з участкаў быў абясточаны.

У Кіеўскай вобласці пашкоджаныя прыватныя дамы, склады, іншыя будынкі.

У Крывым Рогу з-за расійскага налёту была абясточана шахта. Шахцёраў удалося падняць на паверхню.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!