Украіна і Расія абмяняліся ваеннапалоннымі напярэдадні Вялікадня

Напярэдадні Вялікадня адбыўся 72-гі абмен ваеннапалоннымі паміж Расіяй і Украінай. Паводле дадзеных украінскага Каардынацыйнага штаба па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі, з расійскага палону вызвалены 175 вайскоўцаў і 7 мірных жыхароў Украіны.

Міністэрства абароны Расіі паведаміла пра вяртанне 175 сваіх вайскоўцаў, узамен якіх перададзены 175 ваеннапалонных Узброеных сіл Украіны.

Асаблівасць цяперашняга абмену ў тым, што практычна ўсе вызваленыя — як вайскоўцы, так і грамадзянскія — знаходзіліся ў палоне з 2022 года. Сярод іх — 25 афіцэраў, якіх расійскі бок раней катэгарычна адмаўляўся абменьваць. Больш за палову вызваленых абаронцаў трапілі ў палон падчас абароны Марыупаля. Дадому таксама вяртаюцца некалькі вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі, захопленых у палон падчас акупацыі Чарнобыльскай АЭС у першыя дні поўнамаштабнага ўварвання.

Сярод вызваленых — прадстаўнікі Ваенна-марскіх сіл, Сухапутных войскаў, Паветраных сіл, Нацыянальнай гвардыі і Дзяржаўнай памежнай службы Украіны. Узрост самага маладога вызваленага — 22 гады, самага старэйшага — 63 гады. Сем мірных жыхароў, якія вярнуліся дадому, таксама былі захоплены ў палон у 2022 годзе.

Абмен адбыўся пры садзейнічанні ЗША і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Усе вызваленыя пройдуць медыцынскае абследаванне, лячэнне і рэабілітацыю, паведамілі ва ўкраінскім штабе.

Фота: t.me/Koord_shtab
Фота: t.me/Koord_shtab
Фота: t.me/Koord_shtab
Фота: t.me/Koord_shtab
Фота: t.me/Koord_shtab
Фота: t.me/Koord_shtab
Фота: t.me/Koord_shtab
Фота: t.me/Koord_shtab
Фота: t.me/Koord_shtab
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!