«Любіла сваё, любіла беларушчыну…» Вялікі фотарэпартаж з развітання са Святланай Курс

Развітанне з пісьменніцай Святланай Курс, якая памерла 19 ліпеня ў Варшаве, пачалося ў варшаўскім касцёле святога Аляксандра на плошчы Трох Крыжоў, дзе прайшла пахавальная святая Імша. Усіх людзей касцёл не змясціў, частка слухала каля ўваходу. Пасярэдзіне касцёла стаялі урна з прахам пісьменніцы, партрэт, вялікі вянок і кветкі.

Касцёл святога Аляксандра на плошчы Трох Крыжоў у Варшаве. Фота: Яўген Атцецкі

Пахавальная святая Імша ў касцёле святога Аляксандра. Фота: Яўген Атцецкі

Падчас імшы душпастыр беларускіх католікаў у Варшаве ксёндз Вячаслаў Барок звярнуўся да прысутных, згадаўшы, што Святлана Курс ніколі не губляла надзеі: «Яна чакала вясну Беларусі, вясну свайго жыцця, і яна верыла, што гэта вясна яшчэ прыйдзе… Яна рабіла ўсё для гэтага – сваёй творчасцю ўмацоўвала іншых, яна ўмацоўвала беларусаў, што ўсё яшчэ наперадзе».

Пахавальная святая Імша ў касёле святога Аляксандра. Фота: Яўген Атцецкі

«Узіраючыся ў ёйнае жыццё, – працягваў святар, – можна заўважыць, што яна, жывучы надзеяй, яна вельмі моцна любіла зямное жыццё. Яна любіла сваё, любіла беларушчыну, любіла простыя словы. Яна была здольная, прамаўляючы, заварожваць, зачароўваць сваіх слухачоў… У гэтым была яе аўтэнтычнасць, яна дзялілася тым, што ў сваім сэрцы мае».

Фота: Яўген Атцецкі

Ксёндз згадаў пра адкрыты ўрок да Дня роднай мовы ў парафіяльным доме, на якім Святлана Курс назвала сваё любімае беларускае слова – трывушчасць. Трывушчасць патрэбная нашаму народу, каб выжыць.

Фота: Яўген Атцецкі

«Руплівасць, чалавечнасць, эмпатыя»

З касцёла урна з прахам Святланы Курс была перавезена ў Музей Вольнай Беларусі, дзе адбылася грамадзянская паніхіда.

Не ўсе маглі патрапіць на развітанне, хвалю шкадаванняў і ўспамінаў можна назіраць у сацыяльных сетках, дзе Святлана была даволі актыўнай. “Мы нібы страцілі барометр сацыяльнай думкі, – сказаў вядучы цырымоніі, – бо калі нешта адбывалася, многія чакалі, пакуль выкажацца Света, і гэта заўсёды было абгрунтаванае і моцнае выказванне”.

Грамадзянская паніхіда ў Музеі Вольнай Беларусі. Фота: Яўген Атцецкі

На сцяне залы Музея Вольнай Беларусі кожнаму можна было пакінуць адно слова, якое, магчыма, будзе размешчана на будучым помніку пісьменніцы.

Першай выступоўцай стала Святлана Ціханоўская, якая прызналася, што для яе Святлана Курс была ўвасабленнем усяго таго, з чым асацыююцца беларусы: «Руплівасць, чалавечнасць, эмпатыя. Мне вельмі шкада, што нам не хапіла часу. Хацелася яшчэ пагаварыць, паслухаць, павучыцца ў яе».

Выступ Святланы Ціханоўскай. Фота: Яўген Атцецкі

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка казаў пра тое, што сярод звычайных беларусаў, ёсць сапраўдныя героі і велічныя асобы, а Святлана Курс такой і была: «Велічнай, добрай, шчырай і цёплай».

Павел Латушка. Фота: Яўген Атцецкі

Кнігі напісаныя і ненапісаныя

Галоўная рэдактарка выдавецтва «Пфляўмбаўм» Алена Казлова, якая выдала раман Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?», сказала некалькі слоў пра пісьменніцу і яе кнігу: «Сёння мы развітваемся са Святланай, і невыпадкова я бачу тут сланечнікі. Святлана была для мяне такім чалавекам – як сонца, да якога людзі цягнуліся, як сланечнікі, як кветкі. Яе сыход – удар для мяне, для нас, для Беларусі…

Кніга «Па што ідзеш, воўча?» стала для нашага выдавецтва вялікім поспехам. Поспехам не толькі для Святланы, для выдавецтва, але і для беларускай культуры, Беларусі. Для рэпрэзентацыі нас як краіны ў свеце».

Галоўная рэдактарка выдавецтва “Пфляўмбаўм” Алена Казлова. Фота: Яўген Атцецкі

Калега з Катынскага музея ў Варшаве, у якім працавала Святлана, сказаў, што без яе цяпер цяжка ўявіць музей. Калегі ведалі, што яна – выбітная пісьменніца, але Святлана была вельмі сціплай і ніколі не расказвала пра свае поспехі і ўзнагароды.

Святлана Курс працавала з дакументамі ахвяраў Катынскага спісу з Беларусі. Яна планавала апрацаваць гэтыя дакументы ў форме асобнага выдання – кнігі пра лёсы хлопцаў з Беларусі. Гэта магла зрабіць толькі яна. Таксама яна верыла, што мы даведаемся ўсе прозвішчы пахаваных у Курапатах.

Яшчэ адна ідэя кнігі ўзнікла ў Святланы ў шпіталі. Яе муж Сяргей Лабандзіеўскі распавёў, што за час хваробы «яна нагледзелася таго, чаго мы не бачым. Увесь гэты свет, у якім людзі хварэюць, пакутуюць. Яна гаварыла пра гэта ўжо ў шпіталі перад смерцю. Яна казала, што яна піша кнігу пра пацыентаў, пра персанал, пра адносіны ў гэтых клініках».

Выступае кіраўнік вэб-рэдакцыі тэлеканалу «Белсат» Анатоль Шырвель

Валянціна Гарцуева згадала, як Купалаўцы шэсць месяцаў працавалі над спектаклем «Ваўкі» па кнізе «Па што ідзеш, воўча?», настолькі складаным аказаўся гэты глыбокі твор.

Дзяўчына Карына – зямлячка Святланы Курс з яе вёскі Загалле, вучылася ў маці пісьменніцы. А з самой Святланай Курс пазнаёмілася ўжо ў Варшаве. Яна расказала, як слухала кнігу «Па што ідзеш, воўча?» падчас атакі шахедаў ва Украіне, і гэта кніга «супакойвала як казка».

Некаторыя выступоўцы шкадавалі, што пісьменніца мала напісала літаратурных твораў, аднак згадвалі, што яна пакінула шмат запісаў і інтэрв’ю.

Валянціна Гарцуева. Фота: Яўген Атцецкі
Алена Зуй-Вайцяхоўская. Фота: Яўген Атцецкі

«Чаго смерць і хвароба ў нас ніколі не адбяруць»

Выступоўцы шмат апавядалі пра кароткія і больш доўгія знаёмствы са Святланай, якія пакінулі след у іх жыцці.

Сын Святланы Фелікс расказаў, што пакуль яго мама цэлы год змагалася з хваробай, яна імкнулася паказаць сябе мужнай, не прызнавалася ў сваёй слабасці. Аднойчы пасля бальніцы яны паехалі на Падляшша і каталіся на роварах. Святлана Курс да апошняга змагалася за жыццё. Сын бачыўся з ёй у бальніцы за дзень перад яе смерцю, здавалася, што ўсё пачынае ісці на лепшае: «Яна была такая самая разумная, такая самая добрая. Доўга абдымаліся, я не ведаў, што развітваюся з ёй апошні раз, але яна жыла і памерла прыгожа».

«За жыццё мая мама напаўняла спакоем шмат людзей. Мне яна ўсё яшчэ дае гэты спакой. І варта памятаць пра тое, чаго смерць і хвароба ў нас ніколі не адбяруць. Ні твораў, ні мамінай журналістыкі, ні таго добрага, што яна нам сказала, чаму яна нас навучыла, што яна нам дала», – падсумаваў Фелікс.

Фота: Яўген Атцецкі
Акуляры, кнігі і сувеніры Святланы Курс. Фота: Яўген Атцецкі

Прах Святланы Курс будзе пахаваны на яе радзіме ў Беларусі.

Святлана Курс – пісьменніца, журналістка, аўтарка дзвюх кніг і лаўрэатка прэміі імя Ежы Гедройця 2021 года за раман «Па што ідзеш, воўча?». Яна памерла 19 ліпеня ў Варшаве пасля цяжкай анкалагічнай хваробы.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!