У тэлеграм-акаўнце Анатоля Котава заўважаная дзіўная актыўнасць

Кіраўнік фонду ByHelp Аляксей Лявончык расказаў пра дзіўную актыўнасць тэлеграм-акаўнта зніклага Анатоля Котава, супрацоўніка Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці.

Увечары 13 чэрвеня польскі нумар Котава ў Telegram падсвяціўся як актыўны, а праз некалькі хвілін знік.

«З’явіўся польскі нумар, недзе каля 23:20 па Лондане. І праз тры хвіліны выдаліўся. Я яго толькі ўбачыў, якраз сядзеў пісаў па справах лісты. Гляджу, яго нумар, усё супадае. Прычым гісторыя вычышчаная. У нас з ім была гісторыя перапіскі, яна спынілася ў 2023 годзе», — расказаў Лявончык Reform.news.

Паводле слоў Лявончыка, ён вырашыў пакуль не пісаць на нумар, а паназіраць, але праз тры хвіліны нумар быў выдалены.

«У маім разуменні гэта не перадача нумара іншай асобе, таму што ў Котава стаяла двухфактарная аўтэнтыфікацыя, на 100% упэўнены. Проста абы-хто ў тэлегу б не ўлез, калі б не меў доступу да двухфактарнай аўтэнтыфікацыі. Па-другое, нават калі нумар знік, яго камусьці перадалі і нават неяк удалося абысці гэтую двухфактарную аўтэнтыфікацыю… Не ведаю, як цяпер рэгіструюцца ў Telegram на нумар, які забралі ў былога ўладальніка», — расказаў Лявончык.

Актыўнасць нумара падалася Лявончыку падазронай: «Калі гэта Котаў, там была двухфактарная аўтэнтыфікацыя. Калі гэта не Котаў, то чаму ён адразу ж выдаліўся».

Нагадаем, Анатоль Котаў знік у жніўні 2025 года. Вядома, што ён адпрасіўся з працы ў івэнт-агенцтве Terra Group і 21 жніўня адправіўся ў Стамбул і знік. Паводле даных пракуратуры Турцыі, пашпарт Котава быў зафіксаваны а 18.35:54 пры выездзе з Турцыі 21 жніўня праз порт Трабзон.

Выдалены акаўнт Анатоля Котава ў Telegram. Скрыншот

***

Анатоль Котаў — прадстаўнік Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці (БФСС). Скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін (МДІМА). Працаваў у МЗС Беларусі, Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пасольстве Беларусі ў Польшчы, Нацыянальным алімпійскім камітэце, дырэкцыі Еўрапейскіх гульняў — 2019 і Кіраўніцтве справамі прэзідэнта.

У жніўні 2020 года ў знак пратэсту сышоў у адстаўку з пасады намесніка загадчыка аддзела фінансавання дзяржаўных органаў галоўнага фінансавага ўпраўлення Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі. Апошнія гады знаходзіўся ў вымушанай эміграцыі. Котаў уваходзіць у склад Камісіі па этыцы Міжнароднай спартыўнай федэрацыі танца і рабочую групу арганізацыі Athletes for Freedom Foundation.

У 2024 годзе Котава завочна прысудзілі ў Беларусі да 12 гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачання ў змове з мэтай захопу ўлады, кіраўніцтве экстрэмісцкім фарміраваннем, садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!