BYSOL запускае школьны збор для дзяцей палітвязняў

Фонд BYSOL пачаў дабрачынны збор у падтрымку дзяцей беларускіх палітвязняў унутры краіны і за мяжой. Мэта збору — 10 тысяч еўра. Ён праводзіцца перад пачаткам навучальнага года.

Як адзначылі ў фондзе, сёлета збор стартуе не з нуля. Падчас прагляду фіналу Чэмпіянату свету па футболе BYSOL сумесна з партнёрамі арганізаваў дабрачынны розыгрыш прызоў. Гэта дазволіла сабраць 1177 еўра на карысць дзіцячага збору.

“Штогод BYSOL атрымлівае да дзвюхсот заявак на дзіцячы школьны збор. Па дапамогу звяртаюцца сем’і, у якіх бацькі або адзін з бацькоў знаходзяцца пад вартай або былі асуджаныя па палітычных матывах. Дапамога ў памеры 100 еўра дазваляе пакрыць асноўныя патрэбы: куплю школьных прылад і хаця б часткі адзення”, — паведамілі ў фондзе.

Папярэдні збор для дзяцей палітвязняў быў прымеркаваны да пачатку летніх канікул. Ён доўжыўся 42 дні. За час правядзення акцыі дапамогу атрымалі 166 дзяцей са 114 сем’яў палітвязняў. Збор падтрымалі арганізацыі беларусаў у Даніі, дыяспары і супольнасці беларусаў у Філадэльфіі, Вялікабрытаніі, Нідэрландах, ЗША, Кракаве і Ольштыне, а таксама Міжнародны гуманітарны фонд.

Да 27 жніўня BYSOL прымае заяўкі на дапамогу ад бацькоў, якія знаходзяцца ў Беларусі або за яе межамі. Падтрымка разлічана на сем’і палітвязняў, у якіх адзін або абодва бацькі знаходзяцца пад вартай не менш за тры месяцы (у тым ліку на «хіміі»), а таксама на сем’і былых палітвязняў з дзецьмі, вызваленых пасля 1 студзеня 2024 года.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!