Скриншот видео
Служба бяспекі Украіны пацвердзіла нанясенне ўдару па Пецярбургскім нафтавым тэрмінале ў Расіі. Паводле інфармацыі ведамства, удар быў нанесены сумесна з Сіламі спецыяльных аперацый, Сіламі беспілотных сістэм і Галоўным упраўленнем разведкі Міністэрства абароны Украіны ў рамках абвешчанай 40-дзённай аперацыі ўплыву на Расію, пра задачы якой раней заяўляў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Паводле даных СБУ, у выніку шматлікіх трапленняў украінскіх беспілотнікаў на тэрыторыі тэрмінала зафіксавана не менш за тры ачагі пажару.
Пецярбургскі нафтавы тэрмінал — адзін з найбуйнейшых комплексаў па перавалцы нафты і нафтапрадуктаў на паўночным захадзе Расіі, займае плошчу 37 гектараў, мае 21 рэзервуар для захоўвання нафтапрадуктаў, а яго прапускная здольнасць складае 12,5 мільёна тонаў за год.
«Сістэмныя ўдары па нафтавай інфраструктуры пазбаўляюць Расію рэсурсаў, за кошт якіх яна фінансуе сваю агрэсію, ускладняюць лагістыку паліўнага забеспячэння і павышаюць эканамічны кошт вайны для Крамля. Чым даўжэй РФ выбірае шлях эскалацыі, тым больш адчувальнымі будуць наступствы для яе стратэгічнай інфраструктуры. СБУ і надалей будзе наносіць удары па законных ваенна-эканамічных мэтах, пакуль Расія не спыніць вайну», — заявілі ў СБУ.
Атаку таксама пацвердзіў Уладзімір Зяленскі.
«Гэтай ноччу нашы ўкраінскія дальнабойныя санкцыі супраць Расіі ў сувязі з гэтай вайной прывялі да вынікаў у наваколлях Пецярбурга. Сілы абароны Украіны нанеслі ўдар па партовай нафтавай інфраструктуры, якая прыносіць даход для расійскай вайны; таксама былі нанесены ўдары па Кранштаце — важнай ваеннай цэлі. Адлегласць ад дзяржаўнай мяжы Украіны — больш за 850 кіламетраў», — напісаў ён у тэлеграм-канале.