Фота: t.me/spadczyna
У Віцебску вынесены на грамадскае абмеркаванне новы дэталёвы план гістарычнага цэнтра да 2035 года. Гэта маштабны праект, які ахоплівае тэрыторыю плошчай звыш 500 гектараў і прадугледжвае кардынальную рэарганізацыю прамзон, пракладку новых магістраляў і дае надзею на вяртанне страчаных архітэктурных дамінант.
«Шагалаўскія» кварталы стануць пешаходнымі, а ў цэнтры зарэзервавалі зоны пад аднаўленне знішчаных храмаў. Тэлеграм-канал «Спадчына» прааналізаваў дакументы, вынесеныя на грамадскае абмеркаванне.
Адна з найбольш радыкальных транспартных змен — праектаванне Паўночнага моста. Каб захаваць будынак музея Шмырова (які знаходзіцца з боку вуліцы Чэхава), новую магістраль з выездам на Дзвіну (Т-1.5) пусцяць як адгалінаванне вуліцы Урыцкага наўпрост праз парк Партызанскай славы, што фактычна знішчыць яго значную частку. У Задзвінні гэтая траса ўвальецца ў 1-ю вуліцу Жорэса, якая атрымае працяг праз цяперашнюю прамзону да Полацкага пуцеправода, утвараючы перад ім скрыжаванне-вілку са скверам (Л-3).
Акрамя гэтага, у другую чаргу запланавана стварэнне набярэжнай на ўсходнім беразе (И-4.2), якая пачнецца ад епархіяльнага ўпраўлення і працягнецца на поўдзень да Успенскай горкі.
У гістарычным ядры на ўсходнім беразе ў другую чаргу рэалізацыі закладзены зоны культавых збудаванняў (О-2.8) на месцах знішчаных святынь: касцёла Святога Антонія (дзе цяпер фантан) і Мікалаеўскага сабора (дзе цяпер паркоўка). Аднак ёсць істотны нюанс: чырвоныя лініі забудовы для касцёла на чарцяжах не завужаны. Гэта азначае, што будынак плануюць ссунуць з яго арыгінальных падмуркаў углыб плошчы дзеля захавання шырыні праезнай часткі вуліцы Леніна.
Такое ўмяшанне катэгарычна не дазваляе называць праект навуковай рэканструкцыяй — горад атрымае звычайны муляж у рэальную велічыню, – папярэджвае аўтар тэлеграм-канала «Спадчына».
Таксама на поўнач пашырана зона каля Дабравешчанскай царквы: магчыма царкоўнікі хочуць яшчэ нешта пабудаваць на гэтай тэрыторыі, але таксама імаверна, што гэта зона пад адбудову барочнага касцёла Найсвяцейшай Тройцы. Побач, на месцы падмуркаў вежы Ніжняга замка, улады прапануюць інвестарам узвесці будынак у выглядзе фартыфікацыйнага збудавання пад рэстаран з агляднай пляцоўкай. Пад яго выдзелена асобная зона (О-2.3).
На заходнім беразе (Задзвінне) чакаецца татальная рэвіталізацыя. Гіганцкую прамзону завода «Вістан» нарэшце вынесуць і расчляняць новымі вуліцамі — працягам Камсамольскай і перпендыкулярнай да яе трасай да вуліцы Дзімітрава. Тэрыторыю асвояць пад адміністрацыйныя (О-2.1), навукова-праектныя (О-2.5), гандлёвыя аб’екты і жыллё.
З «шагалаўскіх» кварталаў таксама вынесуць вытворчасці, пакінуўшы толькі ВЗЭП і Віцебскі бровар. Значная частка вуліц Пакроўскай і Савецкай Арміі стане пешаходнай. Усходні бок Пакроўскай (квартал дома Шагала) ужо на першым этапе аддадуць пад культурна-асветніцкую функцыю (О-2.2). Гістарычную забудову насупраць перапрафілююць пад гандаль і паслугі (О-2.3), а былую прамзону за ёй забудуюць шматкватэрным жыллём (Ж-3.3).
Пустыр у межах вуліц Савецкай Арміі, Рэвалюцыйнай і Кастрычніцкай таксама пойдзе пад жылую забудову. Набярэжную заходняга берага (И-4.2) абсталююць ад Кіраўскага моста да моста Блахіна. У сваю чаргу Успенскую горку і вуліцу Савецкай Арміі наўпрост звяжа новы пешаходны мост цераз Дзвіну (Т-1.5).
Грамадскае абмеркаванне архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі працягнецца да 6 ліпеня 2026 года. Заўвагі і прапановы можна накіраваць у пісьмовым выглядзе на адрас аддзела архітэктуры і горадабудаўніцтва Віцебскага гарвыканкама (210015, г. Віцебск, вул. Шубіна, 5) альбо на электронную пошту vitebskarh@vitebsk.by.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram