Reform.news

У Польшчы пацвердзілі гібель бацькоў і сястры падазраванага ў страляніне ў Кракаве

Рэдакцыя Reform.news · 8 лістапада 2026, 10:43

https://reform.news/be/u-polshchy-pacverdzili-gibel-backo-i-sjastry-padazravanaga-straljanine-krakave/

Польская паліцыя пацвердзіла, што целы, якія напярэдадні выявілі ў кватэры ў Астроўцы-Свентакшыскім, належаць бацькам і сястры 24-гадовага Міхала О., падазраванага ў масавай страляніне ў Кракаве. Паводле папярэдніх даных, яны загінулі ад агнястрэльных раненняў, піша Fakt.

Як паведаміў выданню прадстаўнік галоўнага каменданта паліцыі Польшчы Анджэй Фіёлек, загінулымі аказаліся 53-гадовы бацька падазраванага, яго 52-гадовая маці і 21-гадовая сястра.

«У ахвяр выяўлены агнястрэльныя раненні. Верагодна, яны загінулі ад стрэлаў», – паведаміў Фіёлек.

Сястра меркаванага стралка.
Бацькі меркаванага стралка.

Паводле інфармацыі паліцыі Свентакшыскага ваяводства, целы трох чалавек выявілі 7 лістапада незадоўга да 22:00 у кватэры аднаго са шматкватэрных дамоў у цэнтры Астроўца-Свентакшыскага. Падчас аперацыі жыхароў эвакуіравалі, пазней ім дазволілі вярнуцца дадому.

“На целах былі выяўлены раненні, якія паводле папярэдніх даных кваліфікуюцца як агнястрэльныя. Целы былі выняты для правядзення дэталёвай экспертызы. У кватэры было вынята сем адзінак агнястрэльнай зброі”, – гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Паводле інфармацыі Fakt, сярод іх была зброя, зарэгістраваная на бацьку падазраванага. На месцы ўсю ноч працавалі супрацоўнікі антытэрарыстычных падраздзяленняў, крыміналісты і пракурор. Паліцыя працягвае ператрусы.

Fakt таксама пагаварыў з суседзямі сям’і. Паводле іх слоў, бацькі падазраванага, Рэната і Януш О., жылі разам з сынам, а іх дачка пастаянна пражывала ў Кракаве. У дзень трагедыі яна, як мяркуецца, прыехала наведаць бацькоў.

Сусед сям’і Здзіслаў Шостак расказаў, што сябраваў з загінулымі сужэнцамі і жыў з імі на адной лесвічнай пляцоўцы.

«Мы жылі дзверы ў дзверы. Разам сустракалі Новы год. Такія жыццярадасныя людзі. Не тое што ён», – расказаў мужчына.

Паводле слоў суседзяў, бацькі падазраванага былі таварыскімі і ветлівымі. Маці працавала касірам у размешчанай непадалёк краме Biedronka.

Самога Міхала О. жыхары дома апісваюць як замкнёнага чалавека, які рэдка вітаўся і амаль ні з кім не размаўляў.

«Ён быў крыху дзіўным. Ніколі не размаўляў. Часам, вельмі рэдка, казаў “добры дзень”. А так заўсёды з капюшонам на галаве. Я ніколі не бачыў яго ў камуфляжы», – расказаў Шостак.

«Сын — адзіны, хто не ўсміхаўся, ён быў такім адстароненым, сумным. Апранаўся ў чорнае», — дадае іншая суседка.

Жыхары дома сцвярджаюць, што ніколі не чулі сварак або шуму з кватэры сям’і. Яны таксама не чулі нічога падазронага ў дзень меркаванага забойства трох чалавек.

Шостак расказаў, што ведаў пра наяўнасць зброі ў суседзяў. Паводле яго слоў, бацька і сын захапляліся стральбой і кожную нядзелю раніцай ездзілі ў размешчаны непадалёк цір. Мужчына прызнаўся, што не лічыў гэта небяспечным. Апошні раз ён бачыў Міхала О. 6 лістапада, за дзень да нападу ў Кракаве. Паводле слоў суседа, той, як звычайна, быў маўклівы.

Нагадаем, 7 лістапада ўзброены мужчына ў масцы заехаў на аўтамабілі на Галоўную рынкавую плошчу Кракава і адкрыў страляніну па мінаках. Затым ён паспрабаваў схавацца, а падчас пераследу адкрыў агонь па паліцэйскіх. Супрацоўнікі паліцыі паранілі і затрымалі нападніка. Мужчыну даставілі ў бальніцу ў Кракаве.

У выніку страляніны загінулі 6 чалавек, яшчэ 16 атрымалі раненні, уключаючы падазраванага. Сярод пацярпелых двое паліцэйскіх, адзін з якіх знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане.

Паводле папярэдніх даных, нападнік дзейнічаў у адзіночку. У яго быў дазвол на зброю, ён раней не быў судзімы і не фігураваў у паліцэйскіх базах даных. У яго аўтамабілі была вынята значная колькасць зброі і боепрыпасаў. Міністр унутраных спраў Польшчы Марцін Кервіньскі таксама паведаміў, што мужчына, магчыма, захапляўся ультраправымі ідэалогіямі. Матывы злачынства высвятляюцца.

Відэа: x.com/SPolicja

Рэклама

Пакінуць адказ