Фото: e-auction.by
7-8 красавіка з другой спробы на аўкцыёне прадалі кватэру пінскага суддзі Аляксея Пацко. У 2020 годзе ён адмовіўся выносіць прысуды пратэстоўцам, паведамляе «Берасцейская вясна».
За двухпакаёвую кватэру плошчай 59,3 кв. метра змагаліся два пакупнікі. Пераможца зрабіў стаўку 110 040 рублёў. Першы аўкцыён адбыўся ў лютым, але тады купіць кватэру не знайшлося жадаючых.
Пацко не ведае, чаму яго кватэра была выстаўлена на таргі. Ён узяў яе ў крэдыт і рэгулярна яго выплачваў.
У жніўні 2020 года Пацко працаваў суддзёй у Пінску. Ён адмовіўся выносіць палітычна матываваныя прысуды пратэстоўцам. У кастрычніку 2020 года яго вызвалілі ад пасады. У 2021 годзе Пацко з’ехаў з Беларусі.