Белосток. Фото: Tomek Baginski, unsplash.com
Падляскае ваяводскае ўпраўленне шукае рашэнні для паскарэння працэсаў легалізацыі грамадзян Беларусі. Пра гэта ўпраўленне паведаміла ў адказе на ліст намесніка кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Паўла Латушкі.
У сваім звароце Латушка адзначыў трывожныя сігналы ад беларусаў адносна значнага запаволення працэсаў легалізацыі знаходжання ў Падляскім ваяводстве. Так, паводле даных на канец студзеня 2026 года, у ваяводстве рэзка скарацілася колькасць выдадзеных рашэнняў аб легалізацыі знаходжання. Калі ў 2023 годзе беларусы атрымалі ў Беластоку каля 6300 дазволаў на пражыванне, то ў 2025 годзе — менш за 2000. У канцы 2025 года Упраўленне разглядала заявы, пададзеныя яшчэ ў лютым 2025 года, а тэрмін чакання запрашэння на адбіткі пальцаў перавышаў год.
«Для многіх грамадзян Беларусі, якія ўцякаюць ад рэпрэсій і шукаюць у Польшчы бяспечны прытулак, такая працяглая юрыдычная нявызначанасць з’яўляецца велізарным жыццёвым цяжарам», — адзначыў у звароце Латушка.
Ён таксама перадаў Падляскаму ваяводзе петыцыю з подпісамі больш як 550 чалавек, якія выказвалі глыбокую занепакоенасць крызісам у сферы абслугоўвання замежнікаў.
У сваім адказе Падляскае ваяводскае ўпраўленне адзначыла, што праблемы ўзніклі з-за таго, што ў апошнія гады значна вырасла колькасць пададзеных заяў.
«Мы прыкладаем намаганні для таго, каб усе справы разглядаліся добрасумленна і ў адпаведнасці з дзеючымі нормамі, адначасова шукаючы рашэнні для паляпшэння працы нашых службаў», — гаворыцца ў адказе.
Латушка заявіў, што працягне камунікацыю з цэнтральнымі і мясцовымі органамі ўлады Польшчы, каб дамагчыся вырашэння праблем, з якімі сутыкаюцца беларусы ў Польшчы.