Хакеіст з Гомеля загінуў ва Украіне, ваюючы на баку Расіі — «Флагшток»

Мацвей Угараў, былы спецназавец і 21-гадовы хакеіст з Гомеля, загінуў ва Украіне 4 лютага. Ён ваяваў на баку Расіі.

Пра смерць байца па імені Мацвей з пазыўным «Пупс» паведаміў канал расійскага разведвальнага батальёна «раZVедОсы». Як заяўляў канал, 4 лютага разведгрупа, у складзе якой знаходзіўся Мацвей, «выконвала задачу па выяўленні сховішчаў і зачыстцы бліндажоў праціўніка» і трапіла пад атаку ўдарных FPV-дронаў. Беларус суправаджаў эвакуацыю параненых, трапіў пад паўторны налёт і загінуў. Яго пасмяротна прадставілі да «Ордэна Мужнасці».

Як высветліў «Флагшток», загінулы — 21-гадовы гамяльчанін Мацвей Угараў, брамнік хакейнай каманды «Славяне», якая выступае ў аматарскай лізе Гомеля. Пра «трагічную гібель» свайго гульца каманда паведаміла ў сацсетках.

Угараў жыў у Гомелі. Ён быў суддзёй на дзіцячых хакейных матчах. Апошнім часам яго заўважалі ў гомельскім Лядовым палацы ў вайсковай куртцы з налепленым шэўронам, распавяла выданню крыніца.

Угараў захапляўся страйкболам і ў 2025 годзе ўдзельнічаў у ваенізаванай «Бітве гарадоў» у Бабруйску. Паводле даных «Кіберпартызанаў», Угараў служыў у мінскім спецназе (в/ч 3214) у 2023–2024 гадах.

Ва Угарава засталіся маці, малодшая сястра і брат. У каментарыях пад паведамленнем пра яго гібель сястра і бабуля Угарава заклікаюць адпомсціць за яго смерць. Сястра напісала, што Угараў загінуў у дзень яе 17-годдзя.

Матвей Угараў. Фота: з тг-канала “Разведосы”

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!