У Мінздароўя апраўдваюць адмену платных месцаў у медуніверсітэтах: абітурыенты баяліся, што яны дастануцца расіянам

На тэлеканале СТБ расказалі, як праходзіць уступная кампанія на медыцынскія спецыяльнасці ў гэтым годзе. Нагадаем, сёлета колькасць месцаў для абітурыентаў з мэтавым накіраваннем была павялічана, а платныя месцы застануцца толькі для завочнага навучання па спецыяльнасці “фармацыя”.

Паводле слоў намесніцы міністра аховы здароўя Алены Богдан, ужо цяпер абітурыенты ўзялі мэтавых накіраванняў больш, чым ёсць месцаў для паступлення.

«У гэтым годзе пайшлі іншым шляхам, чым ішлі ў мінулыя гады: мы скарацілі платны набор, максімальна павялічыўшы мэтавы. Гэта значыць, што на сённяшні момант на ўсе факультэты ёсць мэтавы набор спецыялістаў. Мы пачалі выдачу накіраванняў, і ўжо на сённяшні момант (а ў нас яшчэ да канца чэрвеня вельмі шмат часу) абітурыенты ўзялі мэтавых накіраванняў больш, чым месцаў для паступлення», — заявіла Богдан.

Рэктарка Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ірына Назарэнка ўхвальна выказалася пра скарачэнне платных месцаў ва ўніверсітэтах.

«Я лічу, што гэта вельмі граматнае рашэнне Міністэрства аховы здароўя. Таму што якасную медыцынскую адукацыю наша дзяржава дае магчымасць атрымаць бясплатна за кошт павелічэння мэтавага набору і за кошт павелічэння колькасці бюджэтных месцаў, каб нашы высокаматываваныя абітурыенты маглі на роўных умовах паступаць у медыцынскі ўніверсітэт, не баючыся, што платныя месцы пяройдуць для іншых устаноў альбо яшчэ будуць выдзелены платныя месцы для расіян, бо звычайна яны таксама займалі гэтыя месцы. А так у нас будзе для нашых грамадзян Рэспублікі Беларусь», — адзначыла Назарэнка.

Богдан не лічыць, што скарачэнне платных месцаў выклікана жаданнем дзяржавы прывязаць урачоў да працы па размеркаванні. Паводле яе слоў, толькі невялікая колькасць выпускнікоў-платнікаў бярэ свабодны дыплом.

«Разумееце, калі б нашы выпускнікі платнай формы не бралі размеркаванне і не з’язджалі на два гады па размеркаванні… У нас мізэрная колькасць тых, хто бярэ сёння свабодныя дыпломы. Разумееце? Вось гэта першае. Другое — мы павялічылі колькасць месцаў больш чым на 700. Хочаш бюджэт? Калі ласка, ідзі на бюджэт. Хочаш мэтавае накіраванне? Бяры мэтавае накіраванне», — заявіла Богдан.

Назарэнка пацвердзіла, што з амаль 500 выпускнікоў ГДМУ толькі адзін платнік узяў свабодны дыплом.

Богдан падкрэсліла, што якасць адукацыі аднолькавая для тых, хто навучаецца платна і на бюджэце.

«Мы адпрацуем гэты год, мы правядзём нашу ўступную кампанію, мы будзем бачыць. Але насамрэч жа якасць выкладання ніяк не залежыць ад таго, платна ці бясплатна ты вучышся, вучышся ты на бюджэце ці ты вучышся на факультэце, дзе навучаюцца замежныя спецыялісты», — заявіла яна.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!