Гитанас Науседа. Фото: facebook.com/nausedagitanas
Літва не змяняе пазіцыю па Беларусі і працягне падтрымліваць санкцыі супраць Мінска.
„Варта звярнуць увагу, што зусім нядаўна мы дамагліся падаўжэння санкцый ЕС супраць Беларусі яшчэ на 12 месяцаў. На працягу гэтага тэрміну няма ні магчымасці, ні палітычнага жадання вяртацца да перагляду санкцый. Такім чынам, адмена санкцый ЗША — гэта адно, між тым санкцыйная палітыка ЕС — гэта іншы шлях“, — сказаў у чацвер прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа пасля навін пра вызваленне палітвязняў у Беларусі і змякчэнне санкцый з боку ЗША.
Наўседа дадаў, што казаў спецпасланніку прэзідэнта ЗША Джону Коўлу пра “трукі Лукашэнкі”.
„Я выказаў гэта спадару Коўлу асабіста. Паколькі мы суседзі з Беларуссю, а суседзяў, як кажуць, не выбіраюць, мы выдатна ведаем выкарыстаныя трукі. Праблема ў тым, што такім чынам мы ствараем заганны механізм матывацыі для Лукашэнкі — ператвараць гэты працэс у пастаянны абарот: адных зняволеных адпускаць, іншых саджаць, а затым чакаць новых саступак падчас наступнага візіту прадстаўнікоў ЗША.
Гэта стварае зусім не той механізм, які дазволіў бы нам паставіць беларускі рэжым на месца. Таму я яшчэ раз паўтараю: не трэба ставіць знак роўнасці паміж палітыкай Еўропы і ЗША, хоць вызваленне людзей мы заўсёды будзем падтрымліваць, бо гэта правільна з гуманітарнага пункту гледжання”, — сказаў ён, перадае LRT.
У апараце прэм’ер-міністра Літвы Інгі Ругінене таксама пацвердзілі, што пазіцыя Вільнюса па санкцыях не змяняецца.
„Рашэнні ЗША — гэта пытанне іх нацыянальнай палітыкі. Пазіцыя Літвы па санкцыях супраць Беларусі не змяняецца — мы прытрымліваемся прынцыповага падыходу і выступаем за жорсткі санкцыйны рэжым“, — сказаў дарадца кіраўніка ўрада Ігнас Дабравольскас, піша Delfi.