Фото: ГКСЭ
Смаргонская школьніца выбрала небяспечны спосаб прагуляць кантрольную. 14-гадовая дзяўчынка выпіла 20 таблетак “Парацэтамолу”. Яна трапіла ў бальніцу з атручэннем. Пра выпадак расказалі ў ГКСЭ.
Выпіўшы вялікую дозу лекаў, дзяўчынка адчула млоснасць і галавакружэнне. Пра гэта яна паведаміла маці, якая выклікала хуткую.
“Згодна з высновамі судовага эксперта, у непаўналетняй выяўлена атручэнне парацэтамолам з развіццём вострага таксічнага гепатыту і пячоначнай энцэфалапатыі лёгкай ступені, якое вызначаецца як лёгкае цялеснае пашкоджанне па прыкмеце кароткачасовага расстройства здароўя”, – расказалі ў ГКСЭ.
Сілавікам, якія зацікавіліся інцыдэнтам, дзяўчынка патлумачыла, што яна хацела пагоршыць сваё самаадчуванне для таго, каб не пайсці ў школу на кантрольнае выпрабаванне.
“Для здароўя пацыенткі гісторыя скончылася шчасліва – пасля аказання медыцынскай дапамогі яе выпісалі з установы аховы здароўя”, – дадалі ў ГКСЭ.
Ці меў учынак доўгатэрміновыя наступствы для здароўя дзяўчынкі, не ўдакладняецца.