У Купалаўскім паставілі неануар па Караткевічу. Што здарылася?

На сцэне Купалаўскага тэатра адбылася прэм’ера спектакля «Замак Альшанскі» паводле рамана Уладзіміра Караткевіча — бадай, трэці новы спектакль па беларускай класіцы ў тэатры за апошнія шэсць гадоў. Афіцыйныя медыя кажуць пра поспех, але разбіраемся ў кантэксце, ці сапраўды можна казаць пра «беларускі паварот» на сцэне Купалаўскага?

Нагадаем, што апошнія гучныя навіны ўстановы былі звязаныя з прызначэннем на пасаду мастацкага кіраўніка тэатра расійскага рэжысёра Дзмітрыя Акімава. Да гэтага часу, з 2020 года, калі большая частка трупы звольнілася на знак пратэсту супраць гвалту і фальсіфікаваных выбараў, тэатр сутыкнуўся з працяглым крызісам рэпертуару і кадравым голадам. Гэтую кадравую нястачу вырашалі, у тым ліку, за кошт запрашэння артыстаў з Расіі.

У Купалаўскім Дзмітрый Акімаў паставіў «А зоры тут ціхія» паводле Барыса Васільева, «Дзядзечкаў сон» паводле Фёдара Дастаеўскага, і раптам у афішы з’явілася пастаноўка па Караткевічу ў рэжысуры беларускага творцы, паміж іншым лаўрэата Нацыянальнай тэатральнай прэміі Дэвіда Разумава.

Ці значыць гэта, што Купалаўскі ўспомніў пра сваё ўласнае прызначэнне?

Сцэна са спектакля. Фота: sb.by.

На нашу думку, абнадзейвацца не варта.

Дэвід Разумаў — малады таленавіты рэжысёр, атрымаў прызненне за свае пастаноўкі на сцэне Рускага тэатра (НАДТ імя Максіма Горкага). Сярод іх — «В омуте» паводле ўласнай п’есы, «Маскарад» Лермантава (2024), містычная драма «Фауст. Сделка с дьяволом» (2023) паводле Гётэ. Акурат за апошнюю ён атрымаў прызнанне ў намінацыі «Найлепшы спектакль тэатр драмы для вялікай сцэны». Разам з тым, як адзначае тэатральная аглядальніца выдання «Звязда» Ларыса Цімошык, Разумаў ужо мае досвед працы з матэрыялам Караткевіча: раней ён здзейсніў пастаноўку «Дзікага палявання караля Стаха» ў Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатры.

Спектаклі Разумава, які з’яўляецца вучнем Сяргея Кавальчыка, крытыкі характарызуюць як захапляльныя і выразныя ў сваім жанры.

Напрыклад, п’есу Лермантава Разумаў ператварыў у дынамічны, востры трылер. Гледачы адзначалі, што гэта «сучасная і неардынарная адаптацыя», дзе класічны тэкст падаецца праз драйв і яркія візуальныя эфекты.

Пра «Фауст. Сделка с дьяволом» крытыкі пісалі, што Разумаў зрабіў стаўку на атмасферу, святло і гук. Тэкст Гётэ там адышоў на другі план, а галоўным стала «відовішча». Рэцэнзенты хвалілі магутную сцэнаграфію, змрочную стылістыку і касцюмы, якія стваралі адчуванне «бурлячай страсці» і містычнага року.

«Дзікае паляванне караля Стаха» хвалілі за кінематаграфічнасць і экшн.

То-бок Дэвід можа ствараць відовішчныя жанравыя пастаноўкі, з візуальнымі эфектамі і дынамікай.

Сцэна са спектакля. Фота: sb.by.

Такі і новы спектакль на Купалаўскай сцэне заяўлены ў жанры «атмасфернага неануару». Адзначалася, што дзеля пастаноўкі былі створаны манументальныя дэкарацыі (Барыс Гарлаван), пашыта каля сотні касцюмаў (Марына Шуста). Яшчэ з адных маркетынгавых кручкоў была заяўлена праца з ШІ — «упершыню ў гісторыі тэатра кампазітарам спектакля стаў штучны інтэлект».

То-бок перад намі прывабны і тэхналагічны прадукт, у якім робіцца стаўка на стыльную знешнюю форму, сучасныя тэхналогіі і востры сюжэт. Гэта само па сабе нядрэнна. Але дзяржаўныя медыя пішуць пра поспех, рапартуюць аб вяртанні тэатра да сваіх каранёў; квіткі на спектакль ужо не дастаць. Але наколькі за відовішчнасцю і гучнымі маркетынгавымі рашэннямі ўдалося захаваць філасофскую глыбіню арыгінала Караткевіча?

«Замак Альшанскі» ў прачытанні рэжысёра — гэта галаваломка ці экзістэнцыйная прытча? Неануар, які разматвае нітку гісторыі ці які гуляецца ў святло і цені? На гэтыя пытанні афіцыйныя прэса асабліва адказаў не дае. І пры ўсіх мажлівасцях дэтэктыўнага жанру, можна зрабіць здагадку, што гаворка ідзе пра прывабнасць загадкі, чым пра раскрыццё нацыянальнай тэмы.

Казаць пра адраджэнне традыцый яшчэ зарана.

Купалаўскі, уласна, падае пастаноўку так:

«Тры стагоддзі замкнёнай тайны. Шыфр у старажытным фаліянце, шэраг дзіўных смерцяў і легенда, што абяцае незлічоныя скарбы таму, хто спусціцца ў катакомбы замка. Але Антон Косміч прыязджае ў Альшаны не па скарбы, а па праўду. Спрабуючы разблытаць вузел чужых грахоў, ён сам становіцца мішэнню. Ці здольны рацыянальны розум перамагчы містычны праклён мінулага, калі яно ўжо глядзіць на цябе з халоднага бліку люстэрка?

“Курэнне шкодзіць вашаму здароўю” – гэта не проста фраза, а заклік да дзеяння».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!