У Крыме беларуса прыгаварылі да 14 гадоў калоніі па абвінавачанні ў шпіянажы для Украіны

Грамадзяніна Беларусі Аляксея Томашава прыгаварылі да 14 гадоў строгага рэжыму па абвінавачанні ў шпіянажы на карысць Украіны. Прысуд у 2024 годзе вынес суд у Севастопалі ў акупаваным Расіяй Крыме, піша «Радыё Свабода».

Томашава затрымалі 8 мая 2024 года, меркавана, у Севастопалі. 45-гадовы беларус падазраваўся ў перадачы ўкраінскім спецслужбам інфармацыі пра месцы дыслакацыі і перамяшчэння расійскіх падраздзяленняў, узбраення і спецыяльнай тэхнікі, а таксама ў «нелаяльным стаўленні да палітыкі Расіі».

«Мужчыну абвінавацілі ў супрацоўніцтве з украінскімі спецслужбамі, а менавіта праз тэлеграм-канал «Атэш», куды, паводле матэрыялаў яго крымінальнай справы, ён скідваў інфармацыю пра месцы дыслакацыі і перамяшчэння падраздзяленняў узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі Узброеных сіл РФ», — расказала менеджарка Крымскататарскага Рэсурснага Цэнтра Зарэма Барыева.

Пасля прысуду Томашаву прызначылі амбулаторнае прымусовае назіранне і лячэнне ў псіхіятра.

Паводле слоў Барыевай, ключавую ролю ў справе Томашава адыгралі здагадкі.

«Вырашылі, пастанавілі, што Аляксей мог перадаць, мог нашкодзіць, і яшчэ мільён «мог бы»… за што ўласна і пазбавілі чалавека свабоды», — заявіла яна.

Зараз Томашаў адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 4 УФСІН Расіі ў Саратаўскай вобласці.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!