У Кітаі прадстаўлены праект плана на пяцігодку

Сёння ў Кітаі адкрылася чацвёртая сесія 14-га Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў. На ёй быў прадстаўлены праект плана на 15-ю пяцігодку, які ахоплівае 2026–2030 гады.

У праекце пазначаны наступныя задачы на пяцігодку: значны прагрэс у якасным развіцці, істотнае павышэнне ўзроўню самадастатковасці ў навуцы і тэхніцы, новыя прарывы ў далейшых усебаковых і глыбокіх рэформах, прыкметнае павышэнне ўзроўню сацыяльнай цывілізацыі, бесперапыннае паляпшэнне якасці жыцця насельніцтва, больш трывалы бар’ер нацыянальнай бяспекі.

“Абапіраючыся на гэты фундамент, мы будзем імкнуцца на працягу наступных пяці гадоў да дасягнення значнага скачка ў эканамічнай магутнасці, навукова-тэхнічным патэнцыяле, абароназдольнасці краіны, яе ўсебаковай магутнасці і міжнародным уплыве да 2035 года. Наш ВУП на душу насельніцтва дасягне ўзроўню ўмерана развітых краін, жыццё людзей стане больш шчаслівым і лепшым, а сацыялістычная мадэрнізацыя будзе ў асноўным рэалізавана”, — гаворыцца ў апісанні плана, апублікаваным “Сіньхуа”.

Мэтавым паказчыкам росту эканомікі вызначаны 4,5–5%, што крыху ніжэй за прырост ВУП у 5% за мінулы год. Кітай мае намер працягнуць стымуляванне эканомікі, дэфіцыт бюджэту на гэты год усталяваны на ўзроўні 4% ВУП, або на ўзроўні мінулага года.

У развіцці абароннага сектара КНР мае намер паскорыць развіццё «перадавых баявых магчымасцей». Выдаткі на абарону будуць павялічаны ў гэтым годзе на 7%.

На працягу пяці гадоў Кітай таксама мае намер пабудаваць грамадства, якое садзейнічае нараджальнасці. Пекін імкнецца вырашыць праблемы, звязаныя са старэннем насельніцтва і яго скарачэннем.

У КНР плануюць нарасціць вытворчасць збожжа ў новай пяцігодцы, каб скараціць залежнасць ад імпарту асноўных культур, уключаючы амерыканскую сою.

У дачыненні да Тайваня Пекін мае намер “наносіць рашучыя ўдары па сепаратысцкіх сілах, якія выступаюць за так званую «незалежнасць Тайваня», супрацьстаяць умяшанню знешніх сіл”. Гэта павінна садзейнічаць мірнаму развіццю адносін паміж двума берагамі Тайваньскага праліва, прасоўваць наперад справу нацыянальнага ўз’яднання.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!