Алар Карис. Фото: facebook.com/riigikogu
Прэзідэнт Эстоніі Алар Карыс у 1987 годзе абараніў навуковую ступень кандыдата ветэрынарных навук у Мінску, аднак у афіцыйных біяграфіях на эстонскай мове гэта не згадваецца, піша Delfi.
Гаворка ідзе пра абарону дысертацыі ў Акадэміі навук Беларусі. Паводле электроннага каталога Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, работа пад назвай «Эймерыёз буйной рагатай жывёлы на фермах Эстонскай ССР (Эпізааталогія, уплыў на арганізм гаспадара, прафілактыка)» была зацверджана 3 лютага 1988 года. Аўтарам указаны А. Карыс (нар. 1958). Дысертацыя аб’ёмам 156 старонак з ілюстрацыямі апублікавана ў Тарту ў 1987 годзе на рускай мове.
Ступень кандыдата ветэрынарных навук па сваёй сутнасці адпавядала цяперашняй доктарскай ступені. Нягледзячы на тое, што гэтая інфармацыя не з’яўляецца сакрэтнай, на эстонскай мове ў інтэрнэце згадкі пра абарону ў Мінску знайсці цяжка. У афіцыйнай біяграфіі на сайце прэзідэнта дадзены факт таксама не адлюстраваны.
Як адзначае выданне, у перыяд, калі Захад знаходзіўся па другі бок «жалезнай заслоны», падобная практыка не лічылася незвычайнай.
У канцылярыі прэзідэнта патлумачылі, што ў Эстоніі на той момант не існавала кваліфікаванай акадэмічнай камісіі па адпаведнай спецыяльнасці.
“У Эстоніі не было кваліфікаванай акадэмічнай камісіі ў галіне работы, што абаранялася. Найбліжэйшыя знаходзіліся ў Пецярбургу і Мінску, і Алару Карысу было прызначана абараняць работу ў Мінску”, — адказалі Delfi з канцылярыі прэзідэнта.