Кіраўнік МЗС Ірана заявіў у Кітаі, што прыме толькі справядлівае і ўсеабдымнае пагадненне з ЗША

Міністр замежных спраў Ірана Аббас Аракчы пасля сустрэчы са сваім кітайскім калегам Ван І заявіў, што Тэгеран прыме толькі «справядлівае і ўсеабдымнае пагадненне» з Вашынгтонам.

“Мы зробім усё магчымае, каб абараніць нашы законныя правы і інтарэсы ў ходзе перамоў. Мы прымаем толькі справядлівае і ўсеабдымнае пагадненне», – сказаў ён, перадае Reuters.

Паводле інфармацыі “Сіньхуа”, падчас перамоў з Ван І Аракчы расказаў пра ход перамоў з ЗША і далейшыя крокі Ірана. Ён падкрэсліў, што “факты даказваюць немагчымасць вырашэння палітычнага крызісу ваеннымі сродкамі”. Паводле яго слоў, Іран будзе абараняць свой нацыянальны суверэнітэт і годнасць, адначасова імкнучыся да ўсеабдымнага і канчатковага вырашэння шляхам мірных перамоў. Міністр таксама адзначыў, што Армузскі праліў можа быць адкрыты ў бліжэйшы час.

Ён выказаў згоду з прапановай кітайскага лідара Сі Цзіньпіна з чатырох пунктаў па падтрымцы і ўмацаванні рэгіянальнага міру і стабільнасці, а таксама падзякаваў КНР за паслядоўную пазіцыю. Іран давярае Кітаю, чакае, што Кітай працягне адыгрываць пазітыўную ролю ў садзейнічанні міру і спыненню канфлікту, і падтрымлівае стварэнне новай пасляваеннай рэгіянальнай архітэктуры, здольнай каардынаваць развіццё і бяспеку.

У сваю чаргу Ван І падкрэсліў, што Кітай актыўна прасоўвае мірныя перамовы з моманту пачатку канфлікту. Паводле яго слоў, кітайская прапанова з чатырох пунктаў атрымала пазітыўны водгук міжнароднай супольнасці.

“Сённяшняя рэгіянальная сітуацыя знаходзіцца на крытычным этапе пераходу ад вайны да міру. Кітай лічыць, што поўнае спыненне баявых дзеянняў з’яўляецца абавязковым, аднаўленне канфлікту непрымальнае, а настойлівасць у перамовах асабліва важная. Кітай падтрымлівае Іран у абароне яго нацыянальнага суверэнітэту і бяспекі і высока ацэньвае гатоўнасць Ірана шукаць палітычнае рашэнне дыпламатычнымі каналамі.

Што датычыцца Армузскага праліва, міжнародная супольнасць падзяляе агульную заклапочанасць адносна аднаўлення нармальнага і бяспечнага праходу праз праліў, і Кітай спадзяецца, што зацікаўленыя бакі аператыўна адрэагуюць на рашучыя заклікі міжнароднай супольнасці.

Што датычыцца ядзернай праблемы, Кітай высока ацэньвае прыхільнасць Ірана адмове ад распрацоўкі ядзернай зброі, а таксама прызнае законнае права Ірана на мірнае выкарыстанне ядзернай энергіі. Кітай выступае за тое, каб краіны Персідскага заліва і Блізкага Усходу самі вызначалі сваю будучыню, заахвочвае дыялог паміж Іранам і іншымі краінамі Персідскага заліва для дасягнення добрасуседскіх адносін і дружбы, а таксама падтрымлівае стварэнне рэгіянальнай архітэктуры міру і бяспекі, у рамках якой краіны рэгіёна будуць удзельнічаць разам, абараняць агульныя інтарэсы і дасягаць агульнага развіцця”, – пераказвае кітайскае дзяржаўнае агенцтва словы Ван І.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!