У харвацкім парламенце можа з’явіцца група сяброўства з дэмакратычнай Беларуссю

Падчас вясновай сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы дэлегат Каардынацыйнай рады, член дэлегацыі КР у ПАСЕ Павел Латушка правёў сустрэчу з дэпутатам парламента Харватыі, членам харвацкай дэлегацыі ў ПАСЕ Іванам Рачанам. Падчас размовы харвацкі дэпутат паведаміў, што па выніках папярэдніх сустрэч ён накіраваў афіцыйны запыт на фарміраванне групы сяброўства з дэмакратычнай Беларуссю ў парламенце сваёй краіны.

На сённяшні дзень у дэмакратычных краінах дзейнічаюць ужо 25 груп сяброўства з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Латушка адзначыў, што важную ролю ў камунікацыі з замежнымі парламентарыямі адыгрывае магчымасць працы афіцыйнай дэлегацыі Каардынацыйнай рады ў ПАСЕ.

На сустрэчы таксама абмяркоўвалася важнасць падтрымкі выбараў у Каардынацыйную раду Беларусі. Рачан падкрэсліў, што для беларусаў, як і для любога іншага народа, прынцыпова важна, каб выбары былі свабоднымі, праходзілі без ціску і каб у людзей была рэальная магчымасць зрабіць выбар.

Падчас сесій гэтай міжнароднай парламенцкай арганізацыі беларуская дэлегацыя ўжо правяла сустрэчы з прадстаўнікамі Аўстрыі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Канады, Латвіі, Літвы, Люксембурга, Польшчы, Францыі, Чэхіі, Швецыі, Эстоніі і шэрагу іншых краін, паведамілі ў прэс-службе КР.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!