У Германіі назвалі імя беларуса, якога падазраюць у дыверсіі ў аэрапорце Лейпцыга

Галоўнае
Фото: Bild

Нямецкія следчыя ўстанавілі новыя дэталі расследавання няўдалай атакі беспілотнікамі на аэрапорт Лейпцыг/Гале. Пра гэта піша Welt am Sonntag са спасылкай на сакрэтныя матэрыялы справы.

Паводле інфармацыі выдання, адзін з падазраваных, грамадзянін Беларусі з расійскім пашпартам Андрэй Ка., раней фігураваў у расследаваннях у некалькіх еўрапейскіх краінах. Як паведамлялася раней, ён быў ідэнтыфікаваны па слядах ДНК.

Паводле даных рэсурсу, ДНК выявілі на рэштках пальчатак на антэннай канструкцыі, якая, як мяркуецца, выкарыстоўвалася для кіравання дронам. Генетычныя сляды супалі з данымі ў базах Літвы і Фінляндыі, дзе беларус значыўся ў паліцэйскіх архівах па агульнакрымінальных злачынствах. У Фінляндыі ён, у прыватнасці, фігуруе ў спісах як падазраваны ў крадзяжы.

Польскія праваахоўныя органы таксама звязваюць Ка. з падпалам крамы будаўнічых матэрыялаў у Лодзі летам 2024 года. Польская пракуратура таксама кваліфікуе інцыдэнт як дыверсію. Паводле версіі польскіх следчых, сляды і ў гэтым выпадку вядуць у Расію.

Як устанавілі нямецкія следчыя, Ка. выкарыстоўваў расійскі пашпарт. Раней стала вядома, што ў канцы красавіка ён атрымаў італьянскую турыстычную візу ў пасольстве Італіі ў Мінску, пасля чаго ўехаў па ёй у Германію.

Другім падазраваным следства лічыць расіяніна Алега Ле. Нямецкія спецслужбы звязваюць яго з расійскай ваеннай разведкай ГРУ і мяркуюць, што ён адказваў за падрыхтоўку і лагістыку аперацыі. Ле. уехаў у Германію праз аэрапорт Берлін-Брандэнбург з Турцыі, а пазней вылецеў праз той жа аэрапорт у Сербію. Цяпер ён знаходзіцца ў Расіі.

Нагадаем, у ноч на 5 жніўня ў аэрапорце Лейпцыга побач з украінскім грузавым самалётам Ан-124 быў знойдзены і абясшкоджаны дрон з выбухоўкай. Абломкі яшчэ двух дронаў знайшлі непадалёк. Следчыя лічаць, што выбухоўку даставілі ў Германію праз Балгарыю і Сербію, як мяркуецца, схаваўшы ў поласцях грузавікоў. Нямецкія ўлады заявілі, што за спробай дыверсіі стаяць расійскія спецслужбы. Расія абвінавачанні адмаўляе.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.