Ліцэй у Гайнаўцы. Фота: сацсеткі
Сёння падчас урачыстасці, прысвечанай заканчэння навучальнага года ў II Агульнаадукацыйным ліцэі з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў Гайнаўцы, была ўручана грашовая прэмія, заснаваная з уласных сродкаў намеснікам кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Паўлам Латушкам, для лепшага настаўніка беларускай мовы, літаратуры і гісторыі II Агульнаадукацыйнага ліцэя з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў Гайнаўцы, паведамляе Аб’яднаны пераходны кабінет.
Гэтая ініцыятыва заклікана адзначыць высокі прафесіяналізм і адданасць педагогаў, якія на Падляшшы захоўваюць і папулярызуюць беларускую культуру і гісторыю.
Прэмія была ўручана Яну Карчэўскаму — настаўніку беларускай мовы. Спадар Карчэўскі з’яўляецца арганізатарам Конкурсу беларускай гавэнды, ужо шмат гадоў з поспехам рыхтуе вучняў да Агульнапольскай алімпіяды беларускай мовы, а таксама выступае ініцыятарам і арганізатарам шматлікіх мерапрыемстваў і ўрачыстасцяў, накіраваных на падтрымку і развіццё мовы і культуры беларускай нацыянальнай меншасці, з’яўляецца метадыстам по выкладанні беларускай мовы пры Цэнтры адукацыі настаўнікаў у Беластоку.
«Ваша адданасць справе, высокі прафесіяналізм і здольнасць заражаць вучняў любоўю да роднага слова выклікаюць шчырае захапленне. Нізкі вам паклон за вашу ахвярную працу і за тое, што вы выхоўваеце сапраўды годнае, свядомае і таленавітае пакаленне беларусаў», — адзначыў у прывітальным лісце Павел Латушка.
У сваім лісце Латушка звярнуўся да вучняў і выпускнікоў гайнаўскага ліцэя: «Віншую ўсіх ліцэістаў з афіцыйным заканчэннем заняткаў, а выпускнікам жадаю поспехаў і паступлення ў найлепшыя вышэйшыя навучальныя ўстановы Польшчы ды іншых еўрапейскіх краін. Вы можаце шчыра ганарыцца тым, што навучаліся ў aдным з найлепшых ліцэяў Польшчы, і тым, што не адмовіліся ад сваіх каранёў, разумеючы важнасць захавання спадчыны продкаў для будучых пакаленняў».
Таксама па ініцыятыве Паўла Латушкі была заснавана грашовая ўзнагарода для пераможцаў Агульнапольскага фестывалю «Беларуская песня».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram