Иллюстративное фото: Reform.by
У студзені—красавіку 2026 года Беларусь значна нарошчвала экспарт на акупаваныя тэрыторыі Украіны па чыгунцы, паведамляе Супольнасць беларускіх чыгуначнікаў.
У 2024 годзе грузапаток меў пераважна аднабаковы характар. Яго асноўную частку складаў увоз у Беларусь сыравіны і прамысловай прадукцыі з акупаваных рэгіёнаў Украіны. У 2025 годзе пачаў істотна расці аб’ём экспарту беларускіх грузаў. У першай палове 2026 года тэндэнцыя стала яшчэ больш выразнай.
Паводле вынікаў 2025 года ў Беларусь з акупаваных тэрыторый Украіны было ўвезена 911 вагонаў з грузамі агульнай масай 57 319 тон. У адваротным кірунку было адпраўлена 470 вагонаў агульнай масай 26 392 тоны.
За студзень—красавік 2026 года ў Беларусь было ўвезена 67 вагонаў з грузамі агульнай масай 3808 тон. За той жа перыяд з Беларусі на акупаваныя тэрыторыі Украіны і ў Крым было вывезена 573 вагоны агульнай масай 31 519 тон.
«Найбольш прыкметным стала павелічэнне паставак бензіну, дызельнага паліва і звадкаваных вуглевадародных газаў у Крым, а таксама на акупаваныя тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей», — адзначае СБЧ. Беларусь таксама вывозіць на акупаваныя тэрыторыі цэмент, жалезабетонныя вырабы, будаўнічыя матэрыялы.
Павелічэнне экспарту нафтапрадуктаў стала прыкметным у IV квартале 2025 года. За гэты перыяд Беларусь адправіла на акупаваныя тэрыторыі бензін, дызельнае паліва і звадкаваныя вуглевадародныя газы масай 11 605 тон (224 вагоны). Асноўнымі станцыямі адпраўлення сталі Барбараў і Наваполацк, а найбуйнейшым кірункам — Крым.
Найбуйнейшай таварнай пазіцыяй стаў маторны неэтыляваны бензін — яго было вывезена 6656 тон (128 вагонаў-цыстэрнаў). Асноўны аб’ём быў адпраўлены са станцыі Барбараў Гомельскага аддзялення БЧ ад ААТ «Мазырскі НПЗ». Таксама было экспартавана 3575 тон (65 вагонаў-цыстэрнаў) дызельнага паліва.
У студзені—красавіку 2026 года Беларусь адправіла на акупаваныя тэрыторыі 573 вагоны з грузамі агульнай масай 31 519 тон, у тым ліку 13 364 тоны (257 вагонаў-цыстэрнаў) бензіну і 12 825 тон (234 вагоны-цыстэрны) дызельнага паліва.
«За першыя чатыры месяцы 2026 года аб’ём перавозак бензіну і дызельнага паліва дасягнуў 26 189 тон, што ў 2,05 раза перавышае сумарны аб’ём бензіну, дызельнага паліва і звадкаваных вуглевадародных газаў за ўвесь 2025 год», — піша СБЧ.
Геаграфія паставак паліва змянілася ў параўнанні з 2025 годам. Калі ў IV квартале 2025 года значная частка паліва накіроўвалася ў Крым і да станцыі Гукава, то на пачатку 2026 года перавозкі ажыццяўляліся непасрэдна як у Крым, так і на станцыі Данецкага і Луганскага філіялаў ФДУП «ЧДН».