Турчын абмеркаваў узаемныя пастаўкі энергарэсурсаў з Расіяй

Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын сустрэўся з першым намеснікам міністра энергетыкі Расіі Паўлам Сарокіным.

Як паведамілі ў прэс-службе ўрада, сустрэча стала працягам дыялогу, які пачаўся ў Кыргызстане падчас Еўразійскага міжурадавага савета, і развіццём дамоўленасцяў, дасягнутых паміж кіраўнікамі ўрадаў Беларусі і Расіі.

“У цэнтры ўвагі – актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва ў энергетычнай сферы, уключаючы ўзаемныя пастаўкі энергарэсурсаў.

Бакі нацэлены на далейшае паглыбленне інтэграцыйных працэсаў і ўмацаванне энергетычнай бяспекі Саюзнай дзяржавы”, – патлумачылі ў прэс-службе.

Трэба адзначыць, што звычайна гаворка ідзе пра пастаўкі энергарэсурсаў з Расіі ў Беларусь. Аднак апошнім часам наша краіна актыўна экспартуе ў РФ аўтамабільнае паліва на фоне пачашчэння ўдараў па расійскіх НПЗ. Так, паводле даных СМІ, чыгуначныя пастаўкі бензіну з Беларусі ў Расію ў ліпені выраслі на 13% у параўнанні з чэрвенем і склалі каля 212 тыс. т. Аб’ём паставак дызельнага паліва за месяц павялічыўся ўдвая — да 162 тыс. т.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!