У Беларусі зацвердзілі дзяржаўную праграму развіцця турызму на 2026–2030 гады

Урад Беларусі зацвердзіў Дзяржаўную праграму «Турызм» на 2026–2030 гады. Адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын.

Мэтай праграмы названа павелічэнне ўкладу турыстычнай галіны ў эканоміку краіны і рэгіёнаў. Дакумент уключае 9 мэтавых паказчыкаў і 37 мерапрыемстваў, а таксама прадугледжвае рэалізацыю 130 інфраструктурных праектаў.

Праграма будзе рэалізоўвацца па чатырох падпраграмах. Яны накіраваныя на развіццё турыстычнай інфраструктуры, у тым ліку будаўніцтва і мадэрнізацыю аб’ектаў размяшчэння; прасоўванне ўнутранага і ўязнога турызму; маркетынг турыстычных паслуг на ўнутраным і знешніх рынках; а таксама ўкараненне лічбавых рашэнняў у сферы турызму для павышэння даступнасці і якасці паслуг.

Сярод ключавых навацый указаны павелічэнне нумарнога фонду гасцініц і аналагічных сродкаў размяшчэння на 30%, а таксама рост нумарнога фонду санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый на 30% у найбуйнейшых уласнікаў. Прадугледжаны меры па льготным доўгатэрміновым крэдытаванні, рэалізацыя 26 інвестыцыйных праектаў, распрацоўка турыстычных схем тэрытарыяльна-прасторавага планавання і канцэпцыі лічбавай трансфармацыі галіны.

Агульны аб’ём фінансавання дзяржаўнай праграмы складае 1,78 млрд рублёў. Улады разлічваюць на комплексны ўдзел рэспубліканскіх і мясцовых органаў кіравання, а таксама арганізацый, у веданні якіх знаходзяцца санаторна-курортныя і аздараўленчыя ўстановы.

Чакаецца, што ў выніку рэалізацыі праграмы доля турызму ў ВУП Беларусі вырасце да 4,5% да 2030 года.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!