Крэдытную праграму «На родныя тавары» падоўжылі і пашырылі на ноўтбукі

Урад падоўжыў тэрмін крэдытнай праграмы «На родныя тавары» да канца 2026 года. Адпаведную пастанову сёння падпісаў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын, паведамляе прэс-служба ўрада.

Пастановай пашыраецца пералік тавараў, для набыцця якіх выдаецца крэдыт, а таксама павялічана колькасць беларускіх вытворцаў — удзельнікаў крэдытавання.

У пералік крэдытаваных тавараў уключаны ноўтбукі, персанальныя міні-камп’ютары, мініПК, маніторы, манаблокі, серверы, сістэмныя блокі, сістэмы захоўвання даных, шпалеры, люстэркі, портландцэмент, паліто, паўпаліто, касцюмы, чамаданы, сумкі і партфелі дзелавыя з натуральнай скуры, сервізы, сокавыціскальнікі, электрапліткі, самакаты, электрасамакаты, адаптары да матаблокаў і матакультыватары, арата-яздовыя модулі для матаблокаў, электрычныя прыборы ацяплення, электрычныя канвектары, радыятары і іншыя тавары.

У пералік удзельнікаў крэдытавання ўвайшлі вытворцы бытавых прыбораў ацяплення, мата- і велатавараў, драўляных вокнаў і дзвярэй, камплектаў пасцельнай бялізны, камплектаў драўляных вырабаў для будаўніцтва драўляных дамоў, мэблі, металічных дзвярэй, мікрахвалевых печаў, сродкаў малой механізацыі, адзення з натуральнага меху, санітарна-тэхнічнага абсталявання, тэлевізараў.

Льготныя крэдыты ў межах праграмы прадастаўляюцца «Беларусьбанкам» пад 4% гадавых.

Пастанова змяняе ўмовы крэдытавання. Устаноўлены дыферэнцыраваныя тэрміны (1 год, 2 гады і 3 гады) пагашэння крэдытаў у залежнасці ад катэгорый крэдытаваных тавараў.

Крэдыт на тры гады выдаецца для набыцця дарагіх тавараў, напрыклад, драўляных дамакомплектаў, катлоў ацяпляльных, сродкаў малой механізацыі, матацыклаў, мапедаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!