Турчын, Касінец і Каранік прыдумаюць будучыню для БНБК

Рабочая група ў складзе прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына, намесніка старшыні ВНС Аляксандра Касінца і кіраўніка Акадэміі навук Уладзіміра Караніка павінна будзе падрыхтаваць прапанову па далейшым развіцці Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі. Пра гэта па выніках сённяшняй нарады ў Аляксандра Лукашэнкі паведаміў першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў.

“Гэтая каманда сфарміруе прапанову, праект, які будзе рэалізаваны ў двух варыянтах. Альбо за кошт льготнага ўрадавага кітайскага крэдыту: ён канкрэтна закладзены ў бюджэце КНР на 2026 год у аб’ёме 3,5 мільярда юаняў. Альбо гэта будзе прамы кітайскі інвестар, які будзе ў гэтай вытворчасці ўжо разам з намі і як уладальнік тэхналогій, і як сумесны бізнес-партнёр”, – сказаў ён, перадае БелТА.

Сёння Аляксандр Лукашэнка на нарадзе прызнаў, што БНБК так і не выйшла на поўную магутнасць, прадпрыемства мае фінансавыя праблемы. Нягледзячы на гэта, ён не хоча адмаўляцца ад біятэхналогій.

Паводле слоў Снапкова, Лукашэнка патрабуе ісці далей.

“Біятэхналогіі на аснове расліннага паходжання — гэта і прабіётыкі, і антыбіётыкі… Гэта значна шырэйшы спектр развіцця розных вытворчасцей, кропак росту Беларусі, якія па патрабаванні прэзідэнта мы будзем развіваць у далейшым на аснове БНБК. Больш за тое, гэта і біятэхналогіі жывёльнай вытворчасці. Патрабаванне, пастаўленае сёння на нарадзе, простае — далей развіваць шлейф прыкладных вытворчасцей, звязаных з біятэхналогіямі”, – растлумачыў першы віцэ-прэм’ер.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!