Фото: podlaski.strazgraniczna.pl
У Польшчы затрымалі трох чалавек па абвінавачанні ў кантрабандзе беларускіх цыгарэт пры дапамозе метэазондаў, паведамляе Падляшскі аддзел памежнай службы Польшчы.
16 лютага памежнікі спынілі легкавы аўтамабіль у Сакольскім павеце Падляшскага ваяводства. У машыне знаходзіліся 6000 пачак цыгарэт коштам больш за 123 тысячы злотых (34,3 тысячы долараў). Вадзіцель і пасажырка, грамадзяне Польшчы, былі затрыманыя.
Па месцы жыхарства вадзіцеля правялі вобшук, падчас якога знайшлі 10 GPS-трэкераў, кавалкі плёнкі і вяроўкі, якія, меркавана, выкарыстоўваліся для ўпакоўкі цыгарэт.
Дома ў затрыманай жанчыны канфіскавана больш за 2000 пачак цыгарэт на суму больш за 43 тысячы злотых (11,8 тысячы долараў), а таксама каля 225 тысяч злотых (62,7 тысячы долараў) і 9300 еўра наяўнымі. Таксама затрыманы ўладальнік нерухомасці, таксама грамадзянін Польшчы.
Усім затрыманым прад’яўлены абвінавачанні ў кантрабандзе тытунёвых вырабаў. Яны змешчаны пад арышт на тры месяцы.