Трэнер зборнай Украіны па гімнастыцы з’ехаў працаваць у Беларусь і распавёў чаму

Старшы трэнер зборнай Украіны па спартыўнай гімнастыцы Вячаслаў Лаўрухін пакінуў краіну і стаў старшым трэнерам нацыянальнай зборнай Беларусі. Пра гэта стала вядома пасля Новага года, калі 62-гадовы трэнер перастаў выходзіць на сувязь і ігнараваў званкі і паведамленні федэрацыі, піша Champion.com.ua.

Віцэ-прэзідэнт федэрацыі гімнастыкі Украіны Стэла Захарава асудзіла яго ўчынак.

«Такога наогул не павінна быць, яму павінна быць закрыта дарога ва Украіну пажыццёва. Гэта брыдкі ўчынак. Гэта яго рашэнне, ён нас не інфарміраваў, проста знік. Мы пісалі, тэлефанавалі, але ён не адказваў. І пасля гэтага ён раптам апынуўся ў Беларусі», — заявіла Захарава.

Разам з тым яна раскрытыкавала зарплатную палітыку Міністэрства моладзі і спорту, з-за якой Украіна губляе трэнераў. Паводле яе слоў, трэнеры атрымліваюць каля 20 тысяч грыўняў (прыкладна 400 еўра), тады як у іншых краінах ім прапануюць да 5 тысяч еўра.

«Калі міністэрства будзе плаціць такую зарплату, то ніколі не ўтрымае трэнераў», — сказала яна.

Перасекчы мяжу Лаўрухін мог законна — мужчынам старэйшым за 60 гадоў гэта дазволена. Федэрацыя даведалася пра яго ад’езд постфактум.

Калі ўкраінскі гімнаст змяняе спартыўнае грамадзянства, то ўкраінская федэрацыя можа не даць адмацаванне. У такім выпадку спартсмену давядзецца год правесці па-за спаборніцтвамі. Аднак у дачыненні да трэнераў такой магчымасці няма. Таму УФГ не можа пакараць Лаўрухіна за яго ўчынак.

У інтэрв’ю Champion.com.ua сам Лаўрухін назваў галоўнымі прычынамі ад’езду канфлікты ўнутры федэрацыі — з гімнастам Алегам Вярняевым і былым трэнерам зборнай Генадзем Сартынскім. Паводле яго слоў, з-за гэтага супрацьстаяння краіну ўжо пакінулі некалькі іншых трэнераў і спартсменаў.

«Ва Украіне я быў нікім і аб мяне выціралі ногі», — сказаў ён.

На пытанне пра падтрымку беларускім рэжымам вайны супраць Украіны Лаўрухін адказаў ухільна, заявіўшы, што не лічыць беларусаў ворагамі. Выбар краіны ён растлумачыў блізкасцю менталітэту і мовы.

“Я скажу так: людзі, з якімі я тут размаўляю, розныя, і вельмі многія з іх не любяць Расію, а ў нейкай ступені і ненавідзяць. Гэта, вядома, можа быць звязана з бытавымі праблемамі. Раней, як казалі, усе закупляліся ў Заходняй Еўропе, а цяпер закупляюцца тут, у Беларусі. Таму цэны на нерухомасць узляцелі і гэтак далей.

У цэлым і стаўленне да мясцовага рэжыму рознае, вельмі шмат розных меркаванняў. Я не лічу іх ворагамі, магчыма, у іншых нейкае іншае стаўленне. Я ўжо даўно жыву ў гэтым свеце і шмат ведаю. Вось раней усе сябравалі, а потым раптам сталі ворагамі. Ніхто не задаваўся пытаннем, як гэта адбылося, што змянілася ў людзях?” — прыводзіць выданне яго словы.

У Беларусь ён з’ехаў 6 студзеня разам з жонкай, прадаўшы ўсю маёмасць, і ўжо на наступны дзень падпісаў кантракт.

Лаўрухін — заслужаны трэнер Украіны, найбольш вядомы працай з бронзавым прызёрам Алімпійскіх гульняў 2012 года Ігарам Радзівілавым, з якім супрацоўнічаў больш за 20 гадоў. Для Радзівілава ад’езд настаўніка стаў нечаканасцю.

«Я сам быў шакаваны», — прызнаўся ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!