“Трэба не страціць нам Нацыянальны банк”. Лукашэнка на дакладзе Галоўчанкі загаварыў пра канкурэнцыю ў прыняцці рашэнняў

Аляксандр Лукашэнка сёння прыняў з дакладам кіраўніцтва Нацыянальнага банка. Аднак на мерапрыемстве прысутнічаў не толькі кіраўнік рэгулятара Раман Галоўчанка і яго першы намеснік Аляксандр Ягораў, але прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын, яго першы намеснік Мікалай Снапкоў, а таксама кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой. Паводле слоў Лукашэнкі, нельга страціць спецыялістаў Нацбанка, але ён не супраць канкурэнцыі пры выпрацоўцы рашэнняў.

Трэба адзначыць, што ў мінулым годзе пры падрыхтоўцы праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця паміж Турчыным і Галоўчанкам адбываліся завочныя пікіроўкі. У выніку старшыня Нацбанка нават узначальваў камісію, якая дапрацоўвала праграму.

“Калі па-простаму казаць, пры змене прэм’ер-міністра і асобных членаў урада хацелася б не страціць тыя пытанні, якія важныя для развіцця нашай краіны. Таму гэтая тэма для нашай размовы навеяна маімі зносінамі з Раманам Аляксандравічам, які нагадаў, што ёсць вельмі важныя пытанні, якія трэба трымаць у полі зроку. Якія, у сваю чаргу, калісьці былі даручаны для кантролю Раману Аляксандравічу”, – сказаў Лукашэнка.

Раней ён наўпрост казаў Турчыну, што даручаў Галоўчанку сфарміраваць спецыяльную групу, якая будзе аналізаваць сітуацыю ў эканоміцы.

“Давайце абмяркуем, асабліва гэтыя пытанні, якія датычацца рашэння ў найбліжэйшы час. І яны размешчаны, калі можна сказаць, па-за контурам Беларусі, за межамі Беларусі. Перш за ўсё гэта Блізкі Усход, увогуле Усход, Афрыка, Азія. Тыя краіны, куды мы павінны ісці, рэалізуючы нашу прадукцыю і ствараючы сумесныя прадпрыемствы. І тыя краіны, якія гатовы інвеставаць у Беларусь.

Я часта прыводжу прыклад Эміратаў, Амана, якія бачаць тут свае інтарэсы і валодаюць пэўнай колькасцю рэсурсаў для таго, каб рэалізаваць гэтыя інтарэсы. Мне ўрад нагадвае пра тое, што мы дамовіліся, перш за ўсё, у Амане, рэалізаваць вытворчасць мінеральных угнаенняў.

Гэта для нас вельмі важна, асабліва сульфат калію. Мае апошнія візіты ў Алжыр і іншыя краіны кажуць пра тое, што ў нас там ёсць салідныя інтарэсы, асабліва ў Алжыры. Гэта датычыцца вытворчасці змешаных угнаенняў. Мы гатовы ў гэтым напрамку працаваць. Раман Аляксандравіч нагадаў мне пра вытворчасць і выраб арганікі, мінеральных угнаенняў і арганічных, у тым ліку торфу, акрамя мінеральных угнаенняў, арганіка”, – працягнуў Лукашэнка.

Пасля гэтага ён сказаў, што нельга губляць Нацбанк, маючы на ўвазе перш за ўсё спецыялістаў установы.

“Кажуць, што ў банку ў нас спецыялістаў дастаткова прасунутых. І яны гатовы ствараць цэнтры апрацоўкі даных. Прынамсі, кантраляваць, як гэты працэс ідзе. Шэраг іншых праектаў. Я чалавек у гэтым плане, можна сказаць, сквапны. Я не хацеў бы страціць спецыялістаў Нацыянальнага банка, якія ў нас напаўсілы задзейнічаны. І не таму, што яны не хочуць працаваць. Яны могуць”, – сказаў ён.

Лукашэнка нагадаў, што Ягораў курыруе працу з Нікарагуа. У сваю чаргу Раман Галоўчанка мае досвед працы з арабскім Усходам. Раней цяперашні старшыня праўлення Нацбанка быў паслом у адной з арабскіх краін, а таксама ўзначальваў Дзяржкамваенпрам.

“Трэба не страціць нам Нацыянальны банк, каб у гэтыя няпростыя часы яны дапамаглі нам перш за ўсё ў эканоміцы і фінансах. Яшчэ раз хачу папярэдзіць, каб у нас не было тут нейкіх трэнняў. Рашэнне пытанняў за намі. Вырашаць будзем усе разам, усе гэта цудоўна разумеюць. Калі што, то я за здаровую канкурэнцыю — хто лепш і якасней можа прапанаваць нейкую тэму і вырашыць тое ці іншае пытанне, акрамя асноўных сваіх абавязкаў”, – сказаў ён.

Працягваючы тэму ўгнаенняў, Лукашэнка прапанаваў правесці эксперымент па павышэнні ўрадлівасці пясчаных глеб.

“Я нават падумаў: а што калі ўзяць слой адходаў ад калійных соляў, слой пакласці арганікі, слой торфу, усё гэта перамяшаць — што атрымаецца? Напэўна, горш не будзе. Там жа ўсё-такі частка ўгнаенняў калійных застаецца. Узараць іх, а следам унесці торф і арганічныя ўгнаенні. Тое, што будзе паляпшэнне для глебы, — гэта дакладна. Але наколькі гэта эканамічна абгрунтавана, трэба паэксперыментаваць. Я гатовы паназіраць”, – сказаў ён.

У якасці прыкладу ён прывёў Кітай, які закупляе торф у Беларусі.

“Вязуць за тысячы кіламетраў… Яны разумеюць, што гэта акупіцца”, – дадаў Лукашэнка.

Таксама ён прапанаваў абмеркаваць пытанні, звязаныя з даўгавымі абавязацельствамі Беларусі.

“Зразумела, што на нас вісяць пэўныя крэдыты, якія мы бралі. Нам трэба з гэтай тэмай таксама вызначацца істотна”, – сказаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!