Скриншот видео
Міністэрства аховы здароўя праводзіць службовае расследаванне па факце смерці парадзіхі ў Дзяржынскай райбальніцы. Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Леанід Недзень.
“Міністэрства аховы здароўя выказвае шчырыя спачуванні сям’і жанчыны, якая памерла 8 сакавіка ў Дзяржынскай ЦРБ.
Паведамляем, што ў дадзены момант працуе спецыяльная камісія ў складзе пазаштатных спецыялістаў Міністэрства аховы здароўя. Ацэньваюцца ўсе этапы аказання медыцынскай дапамогі.
Канчатковы дыягназ будзе ўсталяваны пасля атрымання вынікаў патолагаанатамічнага ўскрыцця і правядзення судова-медыцынскай экспертызы.
Прынята рашэнне аб прыпыненні рэалізацыі і медыцынскага прымянення лекавага прэпарата”, – сказаў ён.
Раней СМІ паведамілі пра смерць парадзіхі ў Дзяржынскай раённай бальніцы. Паводле іх інфармацыі, у 26-гадовай жанчыны адышлі воды, яна была дастаўлена ў бальніцу, дзе памерла. У публікацыях згадваўся анафілактычны шок.
Дапоўнена 13:05
Сваю праверку таксама праводзіць Следчы камітэт.
“На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група. Следчыя з прыцягненнем спецыялістаў УДКСЭ па Мінскай вобласці правялі агляд, канфіскавалі медыцынскую дакументацыю, выкарыстаныя прэпараты і інструменты. Апытаныя відавочцы здарэння, прызначаны комплекс экспертных даследаванняў.
Асаблівая ўвага падчас праверкі будзе нададзена ўстанаўленню прычын і ўмоў, якія прывялі да гібелі пацыенткі і плода. Абставіны здарэння высвятляюцца”, – паведамілі ў СК.