Руслан Варанков с письмом Дональда Трампа. Скриншот видео
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прапанаваў Беларусі стаць заснавальніцай Савета міру ў кантэксце ўрэгулявання сітуацыі ў Сектары Газа. Пра гэта гаворыцца ў асабістым звароце Трампа да Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе МЗС Беларусі.
«Беларускі бок атрымаў асабісты зварот Прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі спадара Дональда Трампа на адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі.
У звароце Беларусі ў кантэксце ўрэгулявання сітуацыі ў Газе прапануецца стаць заснавальнікам Савета міру — новай міжнароднай арганізацыі», — заявіў прэс-сакратар МЗС Руслан Варанкоў.
Лукашэнка ўспрыняў прапанову Трампа станоўча, а МЗС палічыў запрашэнне прызнаннем асабістых заслуг Лукашэнкі.
«Мы высока цэнім, што амерыканскі бок бачыць Беларусь, і гэта наўпрост пазначана ў тэксце звароту, як дзяржаву, гатовую ўзяць на сябе высакародную адказнасць за пабудову трывалага міру і весці за сабой сілай прыкладу, інвеставаць у бяспечную і квітнеючую будучыню для будучых пакаленняў.
Мы таксама разглядаем дадзеную прапанову як прызнанне асабістых заслуг і міжнароднага аўтарытэту кіраўніка беларускай дзяржавы.
Прапанову было дакладзена Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і ўспрынята ім станоўча», — заявіў Варанкоў.
Беларусь гатовая ўдзельнічаць у працы Савета міру, але спадзяецца, што Савет будзе займацца не толькі ўрэгуляваннем сітуацыі ў Газе, але і іншых міжнародных канфліктаў.
«Наша пазіцыя такая: мы гатовыя прыняць удзел у дзейнасці Савета міру, улічваючы і спадзеючыся, што гэтая арганізацыя пашырыць свае рамкі і паўнамоцтвы далёка за межы прапанаванага ў ініцыятыве мандата. Гэта дазволіць ёй дзейсна ўдзельнічаць у глабальных працэсах па ўрэгуляванні любых міжнародных канфліктаў, што, у канчатковым выніку, паспрыяе пабудове новай архітэктуры бяспекі, актыўна прасоўваемай Беларуссю ў апошнія гады», — гаворыцца ў заяве МЗС.
«Як Старшыня Савета я афіцыйна запрашаю Рэспубліку Беларусь далучыцца ў якасці дзяржавы-заснавальніцы і стаць бокам Статута Савета міру ў асобе Вас як яго прадстаўніка. Гэты Савет будзе ўнікальным — нічога падобнага раней не існавала. Кожная дзяржава-член можа прызначыць упаўнаважанага прадстаўніка для ўдзелу ў пасяджэннях і працы ад свайго імя. Да гэтага ліста прыкладаюцца Усеабдымны план і Статут Савета, якія ў цяперашні час адкрытыя для Вашага падпісання і ратыфікацыі.
Я з нецярпеннем разлічваю на сумесную працу з Вамі ў доўгатэрміновай перспектыве дзеля дасягнення мэты ўсталявання трывалага МІРУ ВА ЎСІМ СВЕЦЕ, РОСКВІТУ І ВЕЛІЧЫ ДЛЯ ЎСІХ!» — гаворыцца ў лісце, які прадэманстраваў Варанкоў.
Стварэнне Савета міру па Газе прадугледжвалася ў апублікаваным у верасні 2025 года плане Трампа па спыненні вайны. Савет узначальвае Трамп. На мінулым тыдні Белы дом абвясціў аб стварэнні заснавальніцкага выканаўчага савета і апублікаваў спіс яго членаў: дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа, спецпасланнік Трампа Стыў Уіткаф, зяць Трампа Джарэд Кушнер, былы прэм’ер Вялікабрытаніі Тоні Блэр, кіраўнік Сусветнага банка Аджай Банга, намеснік саветніка па нацыянальнай бяспецы ЗША Роберт Габрыэль, амерыканскі мільярдэр Марк Роўэн. Акрамя гэтага, быў створаны Выканаўчы савет Газы.
Запрашэнні ад Трампа далучыцца да Савета міру атрымалі лідары шэрагу краін, у тым ліку Турцыі, Егіпта, Расіі, Казахстана, Венгрыі, Германіі.