Трамп запатрабаваў ад іранскіх лідараў дзейнічаць хутчэй

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп запатрабаваў ад іранскіх лідараў дзейнічаць хутчэй, маючы на ўвазе перагаворны працэс. Сваё патрабаванне ён у чарговы раз падмацаваў пагрозамі разбурыць інфраструктуру краіны.

“Наша армія, самая магутная і моцная (з вялікім адрывам!) у свеце, нават не пачала разбураць тое, што засталося ў Іране. Далей масты, потым электрастанцыі! Новае кіраўніцтва рэжыму ведае, што трэба рабіць, і трэба рабіць гэта ХУТКА!”напісаў ён у сацсетцы Truth Social.

За некалькі гадзін да гэтага ён апублікаваў відэа бамбардзіроўкі моста паміж Тэгеранам і буйным паўночна-заходнім прыгарадам Караджa. Яго поўнае адкрыццё для руху было запланавана на гэты год.

«Удары па грамадзянскіх збудаваннях, уключаючы недабудаваныя масты, не прымусяць іранцаў здацца», — заявіў міністр замежных спраў Ірана Абас Аракчы.

Трэба адзначыць, што раней Трамп адклаў удары па энергетыцы Ірана да 6 красавіка. Таксама ён заяўляў, што мае намер скончыць баявыя дзеянні супраць Ірана на працягу 2-3 тыдняў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!