Польская пракуратура накіравала ў суд справу аб падпалах гандлёвых цэнтраў у Польшчы, Літве і Латвіі

Польская пракуратура накіравала ў суд абвінаваўчае заключэнне ў дачыненні да пяці чалавек, у тым ліку чатырох грамадзян Украіны і аднаго грамадзяніна Беларусі. Яны абвінавачваюцца ў падпалах і спробах падпалу гандлёвых цэнтраў і крамаў у Польшчы, Літве і Латвіі ў 2024 годзе па заданні расійскіх спецслужбаў.

Справа датычыцца чатырох эпізодаў:

  • падпал 13-14 красавіка 2024 года крамы OBI ў Варшаве,
  • падпалу 9 мая 2024 года крамы IKEA ў Вільнюсе,
  • падпалу 12 мая 2024 года гандлёвага цэнтра Marywilska 44 у Варшаве,
  • падрыхтоўкі да падпалу крамы IKEA ў Рызе.

Абвінавачанні прад’яўлены грамадзянам Украіны Данілу Б., Аляксандру Х., Віталію К., Паўлу Т., а таксама грамадзяніну Беларусі Сцяпану К. Беларусу інкрымінуецца падпал крамы OBI. Абвінавачанні датычацца ўдзелу ў арганізаванай злачыннай групе, здзяйснення дыверсій, дапамогі ў іх здзяйсненні і інш.

Будаўнічы супермаркет OBI ў Варшаве загарэўся ў ноч з 13 на 14 красавіка 2024 года. Спрацавала дыстанцыйна кіраваная прылада. Частка крамы згарэла. Шкода склала 3,5 млн злотых (крыху менш за 1 млн долараў). У падпале абвінавачваецца грамадзянін Беларусі Сцяпан К. Ён таксама запісаў свае дзеянні на мабільны тэлефон. Запісы пазней былі апублікаваны расійскімі прапагандысцкімі рэсурсамі.

Непасрэдныя падпальшчыкі гандлёвага цэнтра Marywilska 44 у Варшаве пакуль не ўстаноўлены. Аднак следства ўстанавіла, што Данііл Б. дакументаваў падпал па заданні работніка расійскіх спецслужбаў.

Расследаванне працягваецца. У прыватнасці, вядзецца праца па ўстанаўленні непасрэдных падпальшчыкаў гандлёвага цэнтра ў Варшаве.

У абвінаваўчае заключэнне не ўключаны яшчэ два падазраваныя — Сергій Чалы і Аляксандр Варывода. Яны падазраюцца ў кіраўніцтве злачыннай групай і каардынацыі дыверсійных дзеянняў. Падазраваныя дзейнічалі ад імя службы знешняй разведкі РФ. Абодва аб’яўлены ў вышук.

Трэба адзначыць, што Данііл Б. ужо быў асуджаны судом у Вільнюсе за падпал крамы IKEA. Акрамя таго, Павел Т. разам з Сергіем Р. і Уладзіславам Ю. былі асуджаны 18 верасня 2025 года за ўдзел у арганізаванай злачыннай групе дыверсійнага і тэрарыстычнага характару. Справа датычылася іншых эпізодаў падпалаў на тэрыторыі Польшчы. Грамадзянін Беларусі Сцяпан К. таксама абвінавачваецца па іншай справе аб падпалах.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!