Трамп загадаў скараціць вайсковыя вучэнні з Паўднёвай Карэяй

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што загадаў Міністэрству вайны скараціць маштаб сумесных вучэнняў з Паўднёвай Карэяй. На яго думку, гэта шкодзіць яго адносінам з Кім Чэн Ынам.

«Зыходзячы з маіх вельмі добрых адносін з Кім Чэн Ынам з Паўночнай Карэі, я незадаволены тым фактам, што Злучаныя Штаты даўно пагадзіліся ўдзельнічаць у сумесных вайсковых вучэннях з Паўднёвай Карэяй. Гэтыя вучэнні не толькі дарагія, прычым большую частку выдаткаў аплачваюць Злучаныя Штаты Амерыкі (як заўсёды!), але і пасылаюць зусім недарэчны і варожы сігнал краіне, якая, пакуль Дональд Дж. Трамп быў прэзідэнтам, паводзіла сябе бяскрыўдна і з павагай. Таму, паколькі адмяніць іх ужо позна, я даручыў міністру вайны Піту Хегсэту істотна скараціць маштаб сумесных вайсковых вучэнняў!» — напісаў ён у сетцы Truth Social.

Нагадаем, падчас свайго першага тэрміну Трамп неаднаразова сустракаўся з Кім Чэн Ынам.

Прэзідэнт ЗША таксама абвінаваціў Сеул у тым, што той не падтрымаў яго аперацыю супраць Ірана.

«Хоць гэта некалькі не звязана з тэмай (?), я нядаўна спытаў прэзідэнта Паўднёвай Карэі, ці хацелі б яны далучыцца да нас у дэнуклеарызацыі Ісламскай Рэспублікі Іран, і яны адказалі: „Не, дзякуй!“ Дзякуем вам за ўвагу да гэтага пытання», — дадаў ён.

Фонам для заявы Трампа сталі некалькі ракетных пускаў, праведзеных КНДР у апошні час.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!