Камандуючы ВПС і войскамі СПА Беларусі заявіў пра аднаўленне ўзаемадзеяння з Латвіяй

Абстаноўка вакол Беларусі застаецца стабільнай. Колькасць палётаў каля заходніх межаў краіны скарачаецца. Беларускія вайскоўцы ўзаемадзейнічаюць з краінамі-суседзямі ў сферы ВПС і СПА. Пра гэта ў інтэрв’ю СТБ заявіў камандуючы ВПС і войскамі СПА Андрэй Лук’яновіч.

«Мы сапраўды назіраем, што значная колькасць кантынгентаў — як паветраных, гэта значыць колькасць самалётаў уздоўж нашых заходніх межаў, — зменшылася, так і сухапутны складнік таксама зменшыўся. Ну і мы выконваем задачы па баявым дзяжурстве, гэта значыць рэгулярна кантралюем паветраную прастору кругласутачна і фіксуем значнае зніжэнне колькасці палётаў (як баявой авіяцыі, так і разведвальнай) уздоўж нашых межаў», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, на дадзены момант абстаноўка пагроз не ўяўляе.

«У нас па аператыўнай службе ёсць пастаяннае ўзаемадзеянне з Рэспублікай Польшча, Літвой і Латвіяй. Мы рэгулярна паведамляем ім пра палёты, і яны нас папярэджваюць пра палёты ў памежнай паласе. Гэта ўзаемадзеянне на сённяшні дзень мае месца. І мы таксама паведамляем па лініі аператыўнай службы.

Адсутнічала ўзаемадзеянне толькі з Латвіяй. Але ў апошні час і з імі таксама аднавілі дыялог. Па лініі аператыўнай службы працягваем узаемадзеянне нашых ваенна-паветраных сіл», — дадаў ён.

Лук’яновіч не стаў раскрываць, у чым менавіта заключаецца ўзаемадзеянне з суседнімі краінамі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!