Фото из Instagram Сергея Рубцова
Целы зніклых у Кыргызстане альпіністаў з Беларусі і Літвы, імаверна, выяўленыя на схілах піка Курумды. Пра гэта паведамляецца на сайце, прысвечаным пошукам спартсменаў. Дакладна пацвердзіць, што гэта загінулыя, можна будзе пасля спуску целаў з вышыні.
«Сёння ў нас самая цяжкая навіна за ўсе гэтыя дні.
Раніцай 16 жніўня падчас аблёту схілу дрон зняў месца сходу снежна-каменнай масы. Пры разборы запісаў у вынасе, побач са знойдзенымі раней рэчамі, мы ўбачылі тое, што з высокай імавернасцю з’яўляецца целамі ўдзельнікаў групы.
Мы абавязаны быць дакладнымі ў словах, таму скажам проста, што менавіта ў нас ёсць. Людзей здымка не паказвае: амаль усё схавана снегам і камянямі. Мы бачым боты ў кошках, часткі рыштунку і адзення і абрысы, якія ўспрымаем як целы. Сказаць гэта напэўна можна будзе толькі пасля спуску, тады ж стане магчымым і апазнанне. Да гэтага моманту мы не будзем называць ні імёнаў, ні якіх-небудзь падрабязнасцяў. Сем’і пра ўсё ведаюць.
Адно мы можам сказаць упэўнена, і для нас гэта важна. Знаходкі на схіле злучае вяроўка: хлопцы ішлі ў адной звязцы. Ніжэй па схіле мы за гэтыя дні знайшлі рэчы ўсіх траіх. Гэта значыць, што група не падзялялася, у момант аварыі яны былі разам і застаюцца разам цяпер. Ніхто з іх не застаўся на схіле адзін», — гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца, што наверсе на грэбні на вышыні каля 5400 метраў бачная зона свежага адрыву. Туды сыходзяцца ўсе разліковыя лініі падзення, якія пошукавікі будавалі паводле знойдзеных рэчаў.
«Наперадзе — уважлівы прагляд усяго знятага матэрыялу і падрыхтоўка аперацыі па спуску. Месца знаходзіцца ў зоне, куды сыходзяць камяні і снег, і перш чым туды пойдуць людзі, рызыкі павінны быць узважаныя. Бяспека ратавальнікаў — абавязковая ўмова любых далейшых работ. Як толькі рашэнне будзе прынята, мы пра яго паведамім», — дадалі арганізатары пошукаў.
Нагадаем, беларусы Максім Палянскі і Мікалай Свірыдаў, а таксама грамадзянін Літвы Сяргей Рубцоў не выходзяць на сувязь з 2 жніўня. Група здзяйсняла ўзыходжанне на пік Курумды па паўночным грэбні. 1 жніўня а 10:30 альпіністы падняліся на пік Курумды. 2 жніўня быў апошні выхад на сувязь. Група паведаміла, што пасля спуску будзе гатовая выехаць 4 жніўня, але ў прызначанае месца так і не выйшла.