Трамп абвясціў пра перамір’е з Іранам і загаварыў пра “залаты век” для Блізкага Усходу

Галоўнае
Скриншот видео

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў пра двухтыднёвае спыненне агню з Іранам. За гэты час павінна быць дасягнута канчатковае пагадненне паміж Вашынгтонам і Тэгеранам.

“На падставе размоў з прэм’ер-міністрам Шахбазам Шарыфам і фельдмаршалам Асімам Мунірам з Пакістана, падчас якіх яны папрасілі мяне ўстрымацца ад ужывання разбуральнай сілы, якая павінна была быць накіравана сёння ноччу супраць Ірана, і пры ўмове, што Ісламская Рэспубліка Іран пагодзіцца на ПОЎНАЕ, НЕАДКЛАДНАЕ і БЯСПЕЧНАЕ АДКРЫЦЦЁ Армузскага праліва, я згаджаюся прыпыніць бамбардзіроўкі і атакі на Іран на тэрмін у два тыдні. Гэта будзе двухбаковае СПЫНЕННЕ АГНЮ!

Прычына гэтага рашэння ў тым, што мы ўжо дасягнулі і перасягнулі ўсе ваенныя мэты і знаходзімся на прасунутай стадыі заключэння канчатковага пагаднення аб доўгатэрміновым МІРЫ з Іранам і МІРЫ на Блізкім Усходзе. Мы атрымалі ад Ірана прапанову з 10 пунктаў і лічым яе рабочай асновай для перамоваў. Практычна па ўсіх раней спрэчных пытаннях паміж Злучанымі Штатамі і Іранам дасягнута згода, аднак двухтыднёвы перыяд дазволіць канчаткова аформіць і заключыць пагадненне.

Ад імя Злучаных Штатаў Амерыкі, у якасці прэзідэнта, а таксама прадстаўляючы краіны Блізкага Усходу, для мяне з’яўляецца гонарам быць блізкім да вырашэння гэтай доўгатэрміновай праблемы. Дзякуй за ўвагу да гэтага пытання!”напісаў ён ноччу ў сацсетцы Truth Social.

Нагадаем, сёння заканчваўся тэрмін чарговага ультыматуму Трампа. Ён абяцаў разбурыць транспартную і энергетычную інфраструктуру Ірана, называючы гэта канцом цывілізацыі.

Пад раніцу Трамп апублікаваў яшчэ адзін пост, у якім гаворка ўжо ішла пра тое, што перад Блізкім Усходам адкрываецца перспектыва “залатога веку”.

“Вялікі дзень для сусветнага міру! Іран хоча, каб гэта адбылося — з іх хопіць! Таксама, як і з усіх астатніх! Злучаныя Штаты Амерыкі будуць дапамагаць з назапашаным суднаходствам у Армузскім праліве. Будзе шмат пазітыўных дзеянняў! Будуць зароблены вялікія грошы. Іран можа пачаць працэс аднаўлення. Мы будзем забяспечваць пастаўкі разнастайных рэсурсаў і проста «быць побач», каб пераканацца, што ўсё праходзіць добра. Я ўпэўнены, што так і будзе. Так сама, як цяпер адбываецца ў ЗША, гэта можа стаць Залатым векам Блізкага Усходу!!!”гаворыцца ў запісе.

У сваю чаргу міністр замежных спраў Ірана Абас Аракчы пацвердзіў перамір’е, апублікаваўшы заяву ад імя Вышэйшага савета нацыянальнай бяспекі. У ёй падкрэсліваюцца пасярэдніцкія намаганні Пакістана.

“У адказ на братэрскую просьбу прэм’ер-міністра Шарыфа, выказаную ў яго твіце, і прымаючы да ўвагі просьбу ЗША аб правядзенні перамоваў на падставе іх прапановы з 15 пунктаў, а таксама заяву прэзідэнта ЗША аб прыняцці агульнай структуры іранскай прапановы з 10 пунктаў у якасці асновы для перамоваў, гэтым ад імя Вышэйшага савета нацыянальнай бяспекі Ірана заяўляю:

Калі атакі на Іран будуць спынены, нашы магутныя ўзброеныя сілы спыняць свае абарончыя аперацыі.

На працягу двух тыдняў бяспечнае праходжанне праз Армузскі праліў будзе магчымым пры ўмове каардынацыі дзеянняў з Узброенымі сіламі Ірана і з улікам тэхнічных абмежаванняў”, – гаворыцца ў заяве.

Прэм’ер-міністр Пакістана Шахбаз Шарыф заявіў, што перамір’е ўступіла ў сілу адразу ж, яно ўключае спыненне агню ў Ліване. Таксама ён запрасіў дэлегацыі ЗША і Ірана на перамовы ў Ісламабадзе ў пятніцу, 10 красавіка.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.