Таццяна Зарэцкая пераехала з Эстоніі ў Арабскія Эміраты – «Наша Ніва»

Былая прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па фінансах і заснавальніца стартапа Laava Tech Таццяна Зарэцкая разам з мужам Юсі Маціасам Піккарайненам (Jussi Matias Pikkarainen) пакінула Эстонію, піша «Наша Ніва». Паводле інфармацыі выдання, прадпрымальніца атрымала статус рэзідэнта Арабскіх Эміратаў 2 чэрвеня 2025 года, а яе муж — 10 чэрвеня 2025 года.

Адзначаецца, што фактычна пара магла пераехаць раней: грамадзяне Беларусі і шэрагу еўрапейскіх краін могуць знаходзіцца ў ААЭ без візы абмежаваны час, аднак для атрымання падатковага рэзідэнцтва патрабуецца прадпрымальніцкая віза або дазвол на працу.

Выданне таксама звяртае ўвагу на змены ў публічнай актыўнасці прадпрымальніцы. Раней яна актыўна вяла сацыяльныя сеткі, падрабязна расказваючы пра паездкі і праекты. Аднак з вясны 2025 года яе акаўнт у Instagram стаў закрытым, а Facebook ачышчаны. У LinkedIn, дзе Зарэцкая раней прапаноўвала кансультацыйныя паслугі і дзелавыя кантакты, новых публікацый не з’яўлялася ўжо каля года.

На апошнім адкрытым здымку, апублікаваным у маі 2025 года, Зарэцкая зафіксаваная на фоне сцягоў ЗША і Саудаўскай Аравіі. У подпісе да фота з пазнакай Эр-Рыяда яна адзначыла, што назірае, «як робіцца гісторыя».

Таццяна Зарэцкая — заснавальніца стартапа Laava Tech і ўдзельніца спісу Forbes 30 Under 30. У верасні 2022 года яна далучылася да АПК у якасці прадстаўніцы па эканоміцы і фінансах, але праз два месяцы заявіла пра сыход. Сваё рашэнне Зарэцкая тады матывавала шматлікімі пагрозамі і ціскам на яе блізкіх і супрацоўнікаў кампаніі.

Напярэдадні стала вядома, што Зарэцкая стала фігуранткай крымінальнай справы ў Эстоніі. Еўрапейская пракуратура падазрае яе ў махлярстве пры атрыманні субсідый Еўрасаюза на развіццё «зялёных» тэхналогій. Гаворка ідзе пра магчымую шкоду бюджэту ЕС на суму каля 450 тысяч еўра. Акрамя таго, Брусель запатрабаваў ад кампаніі поўнага вяртання раней прадастаўленай субсідыі — больш за 2 мільёны еўра.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!