Татьяна Зарецкая. Фото: facebook.com/tatsiana.zaretskaya
Былая прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па фінансах і заснавальніца стартапа Laava Tech Таццяна Зарэцкая стала фігуранткай крымінальнай справы ў Эстоніі. Як піша Ekspress.delfi, Еўрапейская пракуратура падазрае прадпрымальніцу ў махлярстве пры атрыманні субсідый Еўрасаюза на развіццё «зялёных» тэхналогій.
Гаворка ідзе пра кампанію Laava Tech OÜ, якая спецыялізуецца на распрацоўцы энергаэфектыўных сістэм для раслінаводства. У перыяд з 2021 па 2023 год праект пад кіраўніцтвам Laava Tech атрымаў ад Еўрапейскай камісіі каля 2,4 мільёна еўра. Аднак у 2024 годзе пракуратура ініцыявала праверку, па выніках якой узніклі падазрэнні ў нанясенні шкоды бюджэту ЕС на суму каля 450 тысяч еўра. Акрамя самой прадпрымальніцы, у справе фігуруюць яшчэ два чалавекі.
Таксама Брусель запатрабаваў ад кампаніі поўнага вяртання прадастаўленай субсідыі ў памеры больш за 2 мільёны еўра. Еўрапейскі дэлегаваны пракурор Крысційна Саўчанкова на пасяджэнні ў Талінскім акруговым судзе заявіла, што пры выяўленні прыкмет махлярства грантадаўца мае законнае права спагнаць усю суму выдзеленых сродкаў.
У снежні 2025 года Хар’юскі павятовы суд наклаў арышт на банкаўскія рахункі прадпрымальніцы ў Эстоніі на суму да 1,8 мільёна еўра, а таксама забараніў любыя аперацыі з яе долямі ў эстонскіх кампаніях. Абарона ў асобе адваката Дзяніса Часоўскіх пацвердзіла факт супрацоўніцтва са следствам, аднак ад падрабязных каментарыяў устрымалася, спаслаўшыся на пачатковы этап разбору.
Таццяна Зарэцкая — заснавальніца стартапа Laava Tech і ўдзельніца спісу Forbes 30 Under 30. У верасні 2022 года яна далучылася да АПК у якасці прадстаўніцы па эканоміцы і фінансах, але праз два месяцы заявіла пра сыход. Сваё рашэнне Зарэцкая тады матывавала шматлікімі пагрозамі і ціскам на яе блізкіх і супрацоўнікаў кампаніі.